Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
22 красавіка 2019, 11:34

Беларусь самастойна вызначае свой унутраны і знешнепалітычны парадак дня - Марзалюк

22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь самастойна вызначае свой унутраны і знешнепалітычны парадак дня, заявіў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь свой знешнепалітычны і ўнутраны парадак дня вызначае сама. Усе рашэнні ў нашай краіне вызначаюцца ў Мінску, а не ў Бруселі і Маскве, - падкрэсліў Ігар Марзалюк. - Пры гэтым Беларусь - краіна ў цэнтры Еўропы, якая хоча мець нармальныя саюзніцкія адносіны з Расіяй, Кітаем і са ўсім светам".

Пытанні суверэнітэту, умацавання незалежнасці, развіцця краіны былі аднымі з магістральных у Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, адзначыў дэпутат. Пасланне было знакавым ва ўсіх адносінах, у прыватнасці гэта звязана з юбілейным годам: у 2019-м споўнілася 25 гадоў з дня прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і станаўлення інстытута прэзідэнцтва. "25 гадоў рэальнага, а не на паперы, суверэнітэту", - дадаў Ігар Марзалюк.

У сваім выступленні Прэзідэнт закрануў прыярытэты знешняй палітыкі. У прыватнасці, адзначалася, што намаганні краіны накіраваны на актыўны ўдзел у інтэграцыйных аб'яднаннях на постсавецкай прасторы. Беларусь нязменна прытрымліваецца ўзятага 20 гадоў таму курсу на стварэнне саюзнай дзяржавы. У ліку прыярытэтаў Аляксандр Лукашэнка назваў і супрацоўніцтва ў СНД, звярнуўшы ўвагу, што для многіх краін, якія ўваходзяць у яе, гэта фактычна адзіная пляцоўка не толькі для гандлёвага, але і палітычнага дыялогу.

Раней было прынята рашэнне аб адаптацыі органаў СНД да новых умоў, над чым цяпер і вядзецца работа, адзначыў у сувязі з гэтым старшыня Выканкама СНД Сяргей Лебедзеў. Паводле яго слоў, узаемадзеянне краін Садружнасці адпавядае інтарэсам кожнай з дзяржаў, што ўваходзяць у яе. Выканкам СНД у сваю чаргу адчувае падтрымку кіраўніцтва Беларусі ў інтэграцыйнай дзейнасці. Штаб-кватэра СНД знаходзіцца ў Мінску, які лічыцца нефармальнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі