Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
03 чэрвеня 2019, 13:37

Беларусь прапануе Славакіі актывізаваць супрацоўніцтва ў Вышаградскай групе

3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапануе Славакіі актывізаваць супрацоўніцтва ў Вышаградскай групе і міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Аб гэтым сёння ішла размова на сустрэчы старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі са старшынёй Нацыянальнага савета Славакіі Андрэем Данкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Спікеры абмеркавалі пытанні актывізацыі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Уладзімір Андрэйчанка прапанаваў старшыні Нацыянальнага савета Славакіі "больш актыўна ўзаемадзейнічаць у Вышаградскай групе". На яго думку, бакі сумеснымі намаганнямі маглі б выйсці на рэалізацыю ўзаемавыгадных праектаў.

У беларускім парламенце задаволены ўзроўнем узаемаадносін са славацкімі калегамі на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ў ПА АБСЕ. Уладзімір Андрэйчанка лічыць, што бакам неабходна і далей развіваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку. Ён прапанаваў устанаўліваць прамыя кантакты паміж канкрэтнымі парламенцкімі камісіямі. "У перспектыве можна было б выйсці на дарожную карту супрацоўніцтва, - лічыць Уладзімір Андрэйчанка. - У недалёкай будучыні мы можам падпісаць пагадненне або мемарандум аб супрацоўніцтве паміж парламентамі Беларусі і Славакіі".

Уладзімір Андрэйчанка запэўніў, што ў Беларусі з глыбокай сімпатыяй ставяцца да Славакіі і яе народа. Ён падкрэсліў, што беларускі бок зацікаўлены ў развіцці ўзаемавыгаднага доўгатэрміновага супрацоўніцтва са Славакіяй і ЕС у цэлым. "Разглядаем Еўрапейскі саюз як магутнае інтэграцыйнае аб'яднанне, а Славакію як адну з блізкіх краін", - сказаў ён і падзякаваў славацкаму боку за ўклад у нармалізацыю адносін Беларусі і ЕС.

Старшыня Нацыянальнага савета Славакіі выказаў гатоўнасць садзейнічаць больш актыўнаму ўдзелу беларускага парламента ў мерапрыемствах Вышаградскай групы. Андрэй Данка пагадзіўся з беларускім спікерам у тым, што неабходна інтэнсіфікаваць работу парламенцкіх груп дружбы. "Было б вельмі добра ўжо ў жніўні арганізаваць двухбаковыя сустрэчы асобных камісій", - дадаў ён.

На перагаворах бакі абмеркавалі перспектывы пашырэння гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва. За 2018 год тавараабарот павялічыўся да $218 млн, рост назіраецца і ў 2019 годзе. Бакі дамовіліся больш актыўна задзейнічаць парламенцкае вымярэнне для замацавання гэтай тэндэнцыі. Асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць фармацэўтыцы, ядзернай энергетыцы, оптыцы, ахове здароўя, адукацыі, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.

Вышаградская група ўключае чатыры дзяржавы: Чэхію, Венгрыю, Польшчу і Славакію. Створана 15 лютага 1991 года ў венгерскім Вышаградзе. Мэта дзейнасці - развіццё супрацоўніцтва ў Цэнтральнай Еўропе на ўсіх узроўнях і ва ўсіх магчымых формах, лабіраванне інтарэсаў гэтых краін у ЕС.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі