Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
10 чэрвеня 2020, 18:50

Беларусь пачне запрашаць міжнародных наглядальнікаў пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты - Ярмошына

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь пачне запрашаць міжнародных наглядальнікаў пасля рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Каменціруючы праведзеную ў кіраўніка дзяржавы нараду, на якой у тым ліку абмяркоўвалася тэматыка арганізацыі выбараў, Лідзія Ярмошына адзначыла, што гэта мерапрыемства было традыцыйным. Паводле яе слоў, у перыяд правядзення выбарчай кампаніі заўсёды ёсць пытанні, якія патрабуюць вырашэння на вышэйшым узроўні.

"Адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася на пасяджэнні, - назіранне за выбарамі з боку замежных арганізацый і міжнародных экспертаў. Гэта наша звычайная практыка: усе выбары ў краіне праходзяць пры шырокім міжнародным назіранні, - прывяла прыклад старшыня ЦВК. - Выпрацоўваецца алгарытм дзеянняў для запрашэння міжнародных наглядальнікаў. Было прынята рашэнне, што па меры паляпшэння эпідэміялагічнай абстаноўкі ў краіне Міністэрствам замежных спраў будуць накіраваны адпаведныя запрашэнні ў міжнародныя арганізацыі, якія традыцыйна назіраюць за нашымі выбарамі: гэта БДІПЧ АБСЕ і СНД. Аднак адбудзецца гэта, я думаю, пасля завяршэння працэсу рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты. Спадзяюся, да гэтага моманту эпідэміялагічная абстаноўка палепшыцца".

На нарадзе таксама абмеркавалі работу інфармацыйнага цэнтра, які традыцыйна ствараецца ў дзень выбараў на пляцоўцы Палаца Рэспублікі, аказанне практычнай дапамогі Цэнтрвыбаркаму: камісіі спатрэбяцца дадатковыя супрацоўнікі для арганізацыі работы са зваротамі грамадзян. Дапамогу тут акажуць прадстаўнікі парламента і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых ініцыятыў.

Акрамя таго, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, Аляксандр Лукашэнка арыентаваў ЦВК працаваць як мага ўважлівей, каб сабраныя прэтэндэнтамі ў кандыдаты подпісы не прызнаваліся несапраўднымі па фармальных абставінах. "Думаю, такія меры будуць садзейнічаць таму, што ўсе электаральныя запатрабаванні будуць улічаны ў працэсе рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты і, зразумела, у дзень галасавання", - сказала старшыня Цэнтрвыбаркама.

Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў 10 чэрвеня нараду па актуальных грамадска-палітычных пытаннях. Адной з асноўных тэм нарады сталі арганізацыйныя пытанні выбарчай кампаніі. "Я хацеў бы абмеркаваць пытанні, якія, магчыма, у Лідзіі Міхайлаўны ёсць перад пачаткам найбольш вострага перыяду рэгістрацыі і агітацыі будучых кандыдатаў у прэзідэнты", - сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што гэта нарада мае традыцыйны характар: "Мы заўсёды разглядалі праблемы, якія нам давядзецца вырашаць, і пытанні аказання дапамогі Цэнтральнай выбарчай камісіі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі