Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
30 ліпеня 2021, 11:25

Беларусь - Літве: сітуацыі з нелегальнай міграцыяй трэба процістаяць не будаўніцтвам агароджаў

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выклікам, звязаным з нелегальнай міграцыяй, трэба процістаяць толькі сумеснымі намаганнямі, а не будаўніцтвам агароджаў. Аб гэтым у сваім учарашнім выступленні заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры АБСЕ Андрэй Лазавік, паведамляе БЕЛТА.

Беларускі бок звярнуў увагу на стаўленне літоўскіх улад да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў. Было адзначана, што напружанасць, звязаная з масавым прытокам нелегальных мігрантаў на паўднёвыя і ўсходнія граніцы краін - членаў ЕС, не з'яўляецца нечым новым і нечаканым, а адлюстроўвае глыбінныя геапалітычныя працэсы на прасторы АБСЕ і ў рэгіёне суседства.

"Гэты працэс уяўляе сабой пастаянны агульны выклік для дзяржаў - удзельніц АБСЕ. І яму можна процістаяць толькі сумеснымі намаганнямі, а не будаўніцтвам агароджаў і ў цэлым паглыбленнем "раздзяляльных ліній" на прасторы Арганізацыі, увядзеннем санкцый, закрыццём неба і г.д", - падкрэсліў беларускі дыпламат.

Андрэй Лазавік нагадаў, што з 2020 года ў сувязі з пандэміяй каранавіруса ў краінах Еўрасаюза і ў Беларусі былі ўведзены абмежавальныя меры, у тым ліку адносна перасячэння дзяржаўнай граніцы. Гэта прывяло да трансфармацыі існуючых маршрутаў легальнага і нелегальнага перамяшчэння мігрантаў у развітыя дзяржавы ЕС, а таксама росту колькасці "чакаючых" мігрантаў у краінах зыходу і транзіту.

З пачатку бягучага года абазначыліся аб'ектыўныя тэндэнцыі да павелічэння міграцыйных патокаў, абумоўленыя адкрыццём граніц, змякчэннем каранцінных мер, сезоннасцю, захаваннем напружанасці ў краінах міграцыйнай рызыкі і шэрагам іншых фактараў.

"У няпростых умовах, у тым ліку санкцыйных, і пры адсутнасці паўнацэннага супрацоўніцтва з еўрапейскім бокам, у прыватнасці з Літвой, якая палітызуе любыя кантакты з уладамі нашай краіны, пагранічная служба Беларусі прадаўжае рэалізацыю мер па барацьбе з арганізаванымі формамі незаконнай транзітнай міграцыі. Толькі за першае паўгоддзе 2021 года ёю спынена 11 каналаў незаконнай міграцыі на тэрыторыю ЕС (што ўжо ў 6,5 раза перавышае паказчыкі 2020 года), затрыманы 15 арганізатараў гэтай трансгранічнай проціпраўнай дзейнасці, узбуджана 14 крымінальных спраў. На жаль, гэта застаецца незаўважаным нашымі крытыкамі", - прывёў аргументы прадстаўнік Беларусі.

Ё

н адзначыў, што Беларусь прыцягвала ўжо ўвагу пастсавета і камітэта па бяспецы АБСЕ да выбарачнага падыходу літоўскага боку да рэагавання на запыты беларускага боку.

"Але сёння, акрамя таго, хацелі б акцэнтаваць увагу на шэрагу асаблівасцей дзейнасці пагранічнай службы Літвы ў адносінах да мігрантаў. Перш за ўсё, відавочныя правакацыі літоўскага боку па сілавым выдварэнні на тэрыторыю Беларусі груп мігрантаў. У час гэтых незаконных дзеянняў літоўскія сілавікі наносяць цялесныя пашкоджанні мігрантам, аказваюць на іх псіхалагічнае ўздзеянне, дэманструючы гатоўнасць прымяніць зброю, у шэрагу выпадкаў знішчаюць пашпарты і адбіраюць мабільныя тэлефоны", - пералічыў факты Андрэй Лазавік.

Акрамя таго, перамяшчэнне літоўскіх патрульных аўтамабіляў уздоўж граніцы ажыццяўляецца з уключанымі маячкамі і сірэнай, пешыя патрулі перамяшчаюцца без выканання правіл маскіроўкі, робяцца выстралы ў паветра з табельнай зброі.

"Аб асабліва абуральных выпадках сведчаць самі мігранты, выдвараныя на тэрыторыю Беларусі. Ёсць сведчанні аб прымяненні тэлескапічных дубінак, пазбаўленні ежы і пітва, грубым абыходжанні з жанчынамі, у тым ліку з цяжарнымі, і дзецьмі. Усё гэта наглядна дэманструе зневажанне літоўскімі ўладамі правоў чалавека ў адносінах да мігрантаў, - падкрэсліў беларускі дыпламат. - Прычым, мяркуючы па ўсім, цяпер парушэнні правоў чалавека замацаваны ў Літве заканадаўча, у прыватнасці, прынятымі 21 ліпеня папраўкамі да закона "Аб прававым становішчы замежных асоб". Папраўкі абмяжоўваюць свабоднае перамяшчэнне мігрантаў па тэрыторыі Літвы, іншыя іх правы, парушаюць прынцып невяртання прасіцеля прыстанішча, пазбаўляюць прасіцеляў прыстанішча права абскардзіць рашэнні суда першай інстанцыі ў апеляцыйным парадку".

У сувязі з гэтым прадстаўнік Беларусі адрасаваў пытанне традыцыйным крытыкам краіны, чаму яны пачынаюць актыўна крытыкаваць рэформы беларускага заканадаўства яшчэ на этапе яго падрыхтоўкі, а аб недвухсэнсоўных нормах гэтага літоўскага закона маўчаць нават пасля яго прыняцця.

Заклапочанасць у беларускага боку таксама выклікаюць сілавыя разгоны літоўскімі праваахоўнымі органамі мірных пратэстаў супраць будаўніцтва лагераў для мігрантаў, у час якіх пацярпелі мірныя пратэстуючыя і журналісты.

"Чарговы раз заклікаем улады Літвы да выканання сваіх міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека, у тым ліку правоў мігрантаў, уключаючы па лініі АБСЕ , якія зафіксаваны ў заявах і рашэннях СМЗС у Сафіі 2004 года, Бруселі 2006 года і Афінах 2009 года, а таксама Канвенцыі аб правах бежанцаў", - заявіў Андрэй Лазавік.

З улікам увагі АБСЕ да пытанняў экалогіі ў выступленні таксама была прыцягнута ўвага да ўзнікшай пагрозы захавання біялагічнай разнастайнасці на тэрыторыях, прылеглых да беларуска-літоўскай граніцы. "Прычына - узвядзенне Літвой агароджаў з калючага дроту, вядомага як спіраль Бруна, што адсылае нас да часоў Першай сусветнай вайны. Паколькі гэта так званае інжынернае збудаванне не прадугледжвае пераходаў для жывёл, у СМІ ўжо сустракаюцца фатаграфіі жывёл, якія заблукалі і загінулі ў гэтых загародах. А з канца жніўня, калі я не памыляюся, у гэтым рэгіёне пачнецца актыўная міграцыя жывёл. Прычым шэраг дзяржаў, уключаючы прэтэндэнта на пасаду старшыні АБСЕ, гатовы дапамагаць Літве з недастатковымі аб'ёмамі гэтай смяротнай спіралі", - заявіў беларускі дыпламат.

У сувязі з гэтым ён заклікаў літоўскі бок не толькі да выканання сваіх абавязацельстваў у сферы міграцыі, але таксама і да выканання палажэнняў Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі накіравала адпаведны зварот да сваіх літоўскіх калег, у тым ліку ў кантэксце неабходнасці правядзення ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. "Разлічваем на аператыўны і грунтоўны адказ літоўскага боку", - сказаў Андрэй Лазавік.

Рэагуючы на абвінавачанні адносна міграцыйнага крызісу, ён яшчэ раз перасцярог ад ускладання выключнай адказнасці за гэты крызіс у Літве на Беларусь: "Давайце глядзець праўдзе ў вочы. Зусім не Беларусь прычына міграцыйнага крызісу ні ў Літве, ні ў іншых заходніх краінах. Відавочна, што ўлады гэтых краін, падтрымаўшы каляровыя рэвалюцыі, парушылі ўклад жыцця людзей у краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі і тым самым справакавалі паток мігрантаў, якія імкнуцца сёння трапіць у краіны Еўропы".

"Таксама хацелі б акцэнтаваць увагу на важнасці барацьбы літоўскіх праваахоўных органаў з крымінальнымі групоўкамі на тэрыторыі Літвы, якія садзейнічаюць нелегальнай міграцыі. А з беларускім крыміналітэтам разбяруцца беларускія кампетэнтныя органы, будзьце ў гэтым упэўнены", - сказаў дыпламат.

Рэзюмуючы, ён падкрэсліў галоўны пасыл беларускага боку аб тым, што ахова дзяржаўнай граніцы будуецца не на палітычных заявах, а на добрасуседскім узаемадзеянні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі