
21 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Намеснік міністра замежных спраў Беларусі Яўген Шэстакоў і намеснік кіраўніка МЗС Расіі Аляксандр Грушко 21 красавіка на сустрэчы ў Маскве пацвердзілі рашучасць дзвюх краін разам процідзейнічаць умяшанню Захаду ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Аб гэтым інфармуе расійскае знешнепалітычнае ведамства, паведамляе БЕЛТА.
"Бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Расіі з партнёрамі з ліку дружалюбных краін, у прыватнасці ў рэгіёне Лацінскай Амерыкі, і на шматбаковых пляцоўках. Умоўлена нарошчваць каардынацыю і ўзаемную падтрымку на міжнароднай арэне ў рамках рэалізацыі дзеючай двухбаковай праграмы ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі", - гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце МЗС РФ.
"Пацверджана рашучасць разам процідзейнічаць нелегітымнай санкцыйнай агрэсіі калектыўнага Захаду і яго ўмяшанню ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў", - падкрэслілі ў расійскім знешнепалітычным ведамстве.-0-