Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
11 лістапада 2015, 19:47

Беларусь і Пакістан паказваюць небывалую дынаміку двухбаковых адносін - Кабякоў

11 лістапада, Ісламабад /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Беларусь і Пакістан паказваюць небывалую дынаміку двухбаковых адносін. Аб гэтым заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках афіцыйнага візіту ў Пакістан, які адбыўся 9-11 лістапада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь і Пакістан паказваюць небывалую дынаміку двухбаковых адносін. У гэтым годзе праведзены ўжо два візіты на вышэйшым узроўні - Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Ісламабад у маі і прэм'ер-міністра Пакістана Наваза Шарыфа ў Мінск у жніўні. І вось па дамоўленасці Аляксандра Лукашэнкі і Наваза Шарыфа адбыўся наш візіт, галоўнай мэтай якога было падпісанне дарожнай карты супрацоўніцтва дзвюх краін. Мы распісалі ўсю сістэму мер і план мерапрыемстваў, якія накіраваны на тое, каб усебакова развіваць нашы гандлёва-эканамічныя адносіны", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Прэм'ер-міністр канстатаваў, што пакуль узаемны тавараабарот намнога меншы, чым патэнцыяльныя магчымасці. Паводле яго слоў, рэалізацыя дарожнай карты дасць магчымасць вывесці гэты ўзровень як мінімум да $1 млрд.

У ходзе гэтага візіту былі падпісаны кантракты на пастаўку беларускай прадукцыі на агульную суму амаль $55 млн. "Гэта вельмі добры вынік, але мы лічым, што павінны выйсці на новы якасны ўзровень адносін з Пакістанам. Размова ідзе не аб простым абмене таварамі, а аб усебаковай вытворчай кааперацыі, стварэнні сумесных прадпрыемстваў, у выніку чаго мы і атрымаем тыя аб'ёмы тавараабароту, на якія разлічваем", - растлумачыў кіраўнік беларускага ўрада.

Прэм'ер-міністр падкрэсліў важнасць адкрыцця Беларускага інфармацыйна-культурнага цэнтра ў Нацыянальнай бібліятэцы Пакістана, які будзе тым месцам, куды можа прыйсці любы жыхар Пакістана, каб пазнаёміцца з дасягненнямі і магчымасцямі для вядзення бізнесу ў Беларусі.

"У нас актыўна прайшоў бізнес-форум. Ён быў прысвечаны супрацоўніцтву рэгіёнаў Беларусі і Ісламабада. Ён ужо трэці па ліку. Можна сказаць, што дзелавыя колы, органы дзяржаўнага кіравання, адказныя службовыя асобы ўжо належным чынам пазнаёміліся адзін з адным, ведаюць напрамкі супрацоўніцтва, і гэта лягло ў аснову той дарожнай карты, якую мы падпісалі", - канстатаваў кіраўнік урада. Таксама ён падкрэсліў важнасць заключэння пагаднення паміж рэгіёнамі Беларусі і Пакістана - важна, што развіваецца супрацоўніцтва не толькі паміж правінцыямі, але і рэгіёнамі.

Андрэй Кабякоў дадаў, што дасягнута дамоўленасць з прэм'ер-міністрам Пакістана аб тым, што ўзровень і інтэнсіўнасць на вышэйшым і высокім узроўнях, пачатых у 2015 годзе, будуць прадоўжаны ў 2016-м. "Мы павінны будзем не толькі заключаць пагадненні і дамоўленасці, але і пракантраляваць, падвесці пэўныя вынікі тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты раней", - падагульніў прэм'ер-міністр Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі