Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 мая 2022, 19:57

Беларусь і Арменія абмяркоўваюць перспектывы ўзаемнага прызнання электронных дакументаў

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Натарыяты Беларусі і Арменіі абмяркоўваюць перспектывы ўзаемнага прызнання электронных дакументаў, паведаміла журналістам старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Яна расказала, што не так даўно ўдзельнічала ў сустрэчы, арганізаванай Мінюстам Беларусі ў сувязі з прыездам міністра юстыцыі Арменіі. "Без беспадстаўнай сціпласці скажу, што шмат пытанняў, якія асвятляліся на гэтай сустрэчы, датычыліся дзейнасці натарыята. Мы вызначылі новыя задачы, якія давядзецца вырашаць БНП, у тым ліку ў рамках дзейнасці базавай арганізацыі (Беларуская натарыяльная палата атрымала статус базавай арганізацыі ў сферы натарыяльнай дзейнасці ў СНД. - Заўвага БЕЛТА). Гэта пытанні, звязаныя з абменам дакументамі ў электронным выглядзе", - сказала Наталля Барысенка.

Яна падкрэсліла, што гэты аспект цікавіць беларускі натарыят, паколькі ідзе працэс удасканалення і традыцыйны дакументаабарот паступова замяняецца электронным, а ў міждзяржаўным узаемадзеянні вельмі важна выкарыстоўваць эфектыўныя сучасныя інфармацыйныя сістэмы і механізмы.

Старшыня БНП адзначыла, што ў Арменіі нядаўна змянілася заканадаўства, якое датычыцца афармлення дакументаў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. "Калі раней гэтыя дакументы выдаваліся на папяровых носьбітах, то ў 2021 годзе змяненні ўступілі ў сілу і цяпер дакументы - пасведчанні аб нараджэнні, шлюбе, смерці - існуюць толькі ў электронным выглядзе. Калі грамадзяне Арменіі прыязджаюць у Беларусь, ім неабходна, напрыклад, заверыць копію гэтага дакумента, засведчыць подпіс перакладчыка, каб тут ажыццяўляць нейкія адміністрацыйныя працэдуры, іншыя юрыдычна значныя дзеянні. Неабходна наладзіць нейкія механізмы, якія дазвалялі б беларускаму натарыусу працаваць з дакументам, які існуе толькі ў выглядзе электроннага дакумента, надаваць яму юрыдычнае значэнне ў нас у Беларусі, тым самым вырашаць задачы, якія ставяць грамадзяне, звяртаючыся да натарыуса", - растлумачыла яна.

Паводле слоў Наталлі Барысенка, бакі вядуць дыялог аб перспектывах наладжвання ўзаемадзеяння менавіта ў плане прызнання электронных дакументаў, якія аформлены на тэрыторыі Арменіі. Гэты працэс двухбаковы і датычыцца таксама электронных дакументаў, якія будуць прадстаўляць беларускія грамадзяне ў Арменіі. "Адпаведна мы будзем удасканальваць інструкцыі, рэгламенты ажыццяўлення натарыяльных працэдур, каб не ствараць праблем грамадзянам, якія маюць патрэбу ў натарыяльнай дапамозе", - адзначыла яна.

Візіт дэлегацыі Арменіі на чале з міністрам юстыцыі Карэнам Андрэасянам у Беларусь праходзіў 23 і 24 мая. На рабочай сустрэчы з замежнай дэлегацыяй Наталля Барысенка адзначыла, што ў рамках пагаднення аб узаемным супрацоўніцтве натарыятаў краін - удзельніц ЕАЭС Беларусь і Арменія актыўна развіваюць і паглыбляюць узаемадзеянне ў сферы натарыята, у тым ліку ў плане пашырэння каналаў сувязі паміж натарыяльнымі супольнасцямі абедзвюх краін і павышэння прафесійнай кваліфікацыі натарыусаў.

"Літаральна гэтымі днямі Беларуская натарыяльная палата стала базавай арганізацыяй дзяржаў - удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў у сферы натарыяльнай дзейнасці і гэта дасць дадатковы імпульс развіццю нашага ўзаемадзеяння. Мы прыкладзём максімум намаганняў, каб беларуска-армянскае супрацоўніцтва ў сферы натарыяльнай дзейнасці было сістэмным, інтэнсіўным і эфектыўным", - сказала Наталля Барысенка.

У сваю чаргу намеснік старшыні БНП Таццяна Лісок адзначыла, што натарыят Беларусі актыўна развіваецца і шырока выкарыстоўвае лічбавыя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці. "У Беларусі дзяржавай удзяляецца асаблівая ўвага лічбавай трансфармацыі і Беларуская натарыяльная палата бачыць сваёй задачай убудаванне ў агульнадзяржаўны працэс лічбавізацыі. Мы абавязаны ісці ў нагу з часам і карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі для аўтаматызацыі рабочых працэсаў натарыусаў і атрымання неабходнай якаснай інфармацыі, якая будзе пакладзена ў аснову натарыяльнага дзеяння", - сказала Таццяна Лісок.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі