Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
08 красавіка 2019, 17:36

Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі прыярытэтных праектаў развіцця Хакасіі - Сямашка

8 красавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм і прыярытэтных праектаў развіцця Хакасіі. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка сёння ў Абакане на сустрэчы з кіраўніком рэспублікі - старшынёй урада Хакасіі Валянцінам Канавалавым, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе дыппрадстаўніцтва.

Рабочы візіт Уладзіміра Сямашкі ў Хакасію праходзіць 8-10 красавіка. На сустрэчы з кіраўніком гэтага расійскага рэгіёна пасол прапанаваў падрыхтаваць праект плана мерапрыемстваў на 2019-2021 гады па рэалізацыі міжурадавага пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, культурным і гуманітарным супрацоўніцтве, падпісанага ў 2017 годзе. Адзначыўшы, у прыватнасці, станоўчы вопыт супрацоўніцтва ААТ "БелАЗ" з горназдабыўнымі кампаніямі Хакасіі, дыпламат падкрэсліў гатоўнасць беларускіх прадпрыемстваў забяспечыць патрэбнасці рэспублікі ў сучаснай грузавой, дарожна-будаўнічай і камунальнай, збожжа- і кормаўборачнай тэхніцы, абсталяванні для вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі з выкарыстаннем розных схем фінансавання. Ён паведаміў, што беларускія арганізацыі гатовы ўдзельнічаць у якасці падрадчыкаў у праектаванні і будаўніцтве жылля, аб'ектаў сацыяльна-культурнага прызначэння, выкарыстоўваючы назапашаны вопыт работы ў многіх рэгіёнах Расіі.

"Уладзімір Сямашка прапанаваў падрыхтаваць і накіраваць беларускаму боку інфармацыю аб патрэбнасці арганізацый рэгіёна ў тэхніцы і абсталяванні, - праінфармавалі ў дыпмісіі. - Запрасіў дэлегацыі Хакасіі прыняць удзел у рабоце Міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Белагра-2019" (4-9 чэрвеня) і Беларускага прамыслова-інвестыцыйнага форуму - 2019 (17-20 верасня). Падкрэсліў зацікаўленасць беларускага боку ў пастаўках у рэгіён мяса-малочнай прадукцыі, ва ўзаемадзеянні аграрыяў у племянной жывёлагадоўлі, селекцыі бульбы і збожжавых, абмене тэхналогіямі перапрацоўкі сельгаспрадукцыі".

Па выніках перагавораў з кіраўніком рэгіёна быў падпісаны пратакол рабочай сустрэчы па супрацоўніцтве Беларусі і Хакасіі, шэраг дагавораў і пагадненняў. У іх ліку - дылерскі дагавор паміж ТАА "Гандлёвы дом МТЗ-Сібір" і ТАА "Кар'ерная Тэхніка Камплект" аб рэалізацыі тэхнікі і яе тэхнічнага суправаджэння; дыстрыб'ютарскае пагадненне паміж ААТ "Кранавы завод" (г.Слуцк) і ТАА "Кар'ерная Тэхніка Камплект" аб рэалізацыі выпускаемай прадукцыі, арганізацыі гарантыйнага і сэрвіснага абслугоўвання на тэрыторыі Расіі; дагавор паміж ТАА "ГД МТЗ-Сібір" і ТАА "Саюз" на пастаўку 52 трактароў МТЗ.

Пасол сёння наведаў таксама некаторыя прадпрыемствы рэгіёна і правёў перагаворы з іх кіраўніцтвам: ТАА "Саюз" - па продажы і абслугоўванні сельгастэхнікі; аўтацэнтр "АўтаХакасія", у які ў мінулым годзе пачаліся пастаўкі легкавых аўтамабіляў Zotye, вырабленых на беларуска-брытанскім СП ААТ "Юнісан"; Цэнтр тэхнічнай падтрымкі "БелАЗ", які адпавядае ўсім сучасным стандартам фірменнага сэрвісу.

Хакасія - адзін з найстарэйшых гарнарудных раёнаў на ўсходзе Расіі. На разрэзах і рудніках тут працуе каля 250 адзінак кар'ернай тэхнікі маркі БелАЗ. У верасні 2018 года ва Усць-Абаканскім раёне адкрыўся Цэнтр тэхнічнай падтрымкі "БелАЗ" (ТАА "Краснаярск-БелазСэрвіс"). У 2018 годзе ў рэгіён пастаўлена 38 легкавых аўтамабіляў Zotye. У 2018 годзе тавараабарот Беларусі з Хакасіяй склаў $55,5 млн і павялічыўся ў параўнанні з 2017 годам на 45 працэнтаў. Пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў $39,9 млн (рост на 68,3 працэнта), імпарт - $15,6 млн (рост на 7,2 працэнта). Аснову экспарту складаюць пастаўкі аўтамабіляў грузавых, шын, пліт, лістоў, плёнкі з пластмас, імпарту - пастаўкі неапрацаванага алюмінію, каменнага вугалю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі