Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
24 мая 2019, 11:26

Беларусь бачыць будучыню адносін з ЕС у добрасуседстве - Краўчанка

24 мая, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь бачыць будучыню адносін з ЕС у добрасуседстве. Гэта адзначыў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка 23 мая ў Мінску на арганізаваным прадстаўніцтвам ЕС прыёме з нагоды Дня Еўропы, паведамляе БЕЛТА.

Віншуючы дыпламатаў Еўрапейскага саюза і дзяржаў - членаў ЕС са святам, намеснік міністра падкрэсліў: "Еўрапейскі саюз - непасрэдны сусед Беларусі і партнёр па многіх пытаннях. У аснове нашых адносін - агульныя гістарычныя, цывілізацыйныя, культурныя, рэлігійныя, адукацыйныя, светапоглядныя элементы. Гэта і сувязі ў галіне гандлю, інвестыцый, прамысловай кааперацыі, мастацтва, навукі і тэхнікі, спорту, маладзёжныя абмены, турызм, міжрэгіянальныя і пабрацімскія фарматы супрацоўніцтва".

Алег Краўчанка канстатаваў, што часта найбольшую ўвагу журналістаў прыцягваюць праблемныя моманты, рознагалоссі, спрэчкі, часам - скандальныя сітуацыі. На яго думку, гэта стварае крыху скажонае ўяўленне аб стане спраў у беларуска-еўрапейскіх адносінах.

Еўрапейскі саюз з'яўляецца для Беларусі гандлёвым партнёрам нумар два. Прычым аб'ём гандлю расце, і частка гэтага росту абумоўлена рашэннем Еўрапейскага боку па аблягчэнні ўмоў доступу шэрага беларускіх тавараў на рынак ЕС, адзначыў намеснік міністра. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што беларусы знаходзяцца ў ліку лідараў па колькасці тых, хто атрымлівае шэнгенскія візы. Прычым беларусы не з'яўляюцца імпарцёрамі нестабільнасці, злачыннасці, іншых небяспечных і непажаданых з'яў.

Таксама ён сказаў, што ў інтарэсах бяспекі грамадзян краін ЕС, Беларусі і трэціх дзяржаў узаемадзейнічаюць праваахоўныя органы.

"У мэтах мінімізацыі рызыкі інцыдэнтаў, якія маглі б справакаваць больш маштабныя небяспечныя наступствы, ажыццяўляюцца кантакты паміж абароннымі ведамствамі Беларусі і шэрага краін ЕС. Што асабліва важна - з суседзямі, якія ўваходзяць у НАТА, - адзначыў Алег Краўчанка. - Гэта наш агульны ўклад у бяспеку нашага агульнага рэгіёна незалежна ад палітычнай атмасферы і шэрага існуючых рознагалоссяў".

Разам з гэтым намеснік міністра выказаў меркаванне, што, магчыма, абодва бакі недастаткова гавораць публічна аб выгадных праектах супрацоўніцтва. Напрыклад, дзякуючы ЕС беларускія спецыялісты ў розных галінах, ад даследчыкаў да ўрачоў, атрымліваюць магчымасць вывучыць перадавы вопыт краін Еўрасаюза, устанавіць кантакты з калегамі, навучыцца таму, што пасля з карысцю прымяняецца ў Беларусі.

"Фінансавыя сродкі ЕС выдзяляюцца на важныя для людзей праекты, як напрыклад, рэканструкцыя водаачышчальнай станцыі ў Мінску, утылізацыя бытавых адходаў у Пухавіцкім раёне, мадэрнізацыя аўтамабільных дарог. Гэта і крэдытаванне малога і сярэдняга бізнесу, доля якога ў эканоміцы Беларусі пастаянна павялічваецца. У мінулым годзе ўзаемадзеянне з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця ацэньвалася ў памеры $360 млн. Гэта ўпэўнены, хуткі і ўражальны рост", - лічыць Алег Краўчанка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што паміж Беларуссю і ЕС прадаўжаецца адкрытае абмеркаванне існуючых рознагалоссяў. "Не толькі дзеля абмеркавання, а для збліжэння нашых пазіцый, уліку меркавання адзін аднаго, абмену вопытам па тэматыцы, у рамках якой гучаць прэтэнзіі ў адрас улад розных дзяржаў. Нават нашы традыцыйныя крытыкі прызнаюць наяўнасць прагрэсу, - сказаў намеснік міністра. - Прынята гаварыць у розных фарматах дыскусій, ад публічных да афіцыйных, аб еўрапейскіх каштоўнасцях - маючы на ўвазе наяўнасць прорвы паміж светапоглядам і дзеяннямі беларускага боку і гэтай сістэмай каштоўнасцей. І ўвязваецца магчымасць далейшага прагрэсу ў адносінах Беларусь - ЕС з адпаведнасцю гэтым каштоўнасцям. Я ўпэўнены ў тым, што такое вузкае тлумачэнне каштоўнасцей скажае карціну. Да каштоўнасцей адносяцца як грамадзянскія і палітычныя правы чалавека, якія і выклікаюць асноўныя спрэчкі паміж намі, так і сацыяльныя, эканамічныя і культурныя правы чалавека. Па гэтай катэгорыі правоў чалавека Беларусь займае добрыя, часта вядучыя пазіцыі ў заходніх рэйтынгах. Часам больш высокія, чым некаторыя заходнія краіны. Гэта дзве як мінімум раўнацэнныя катэгорыі, якія, у плане як выканання, так і ацэнкі выканання павінны не проціпастаўляцца, а стаць непадзельнымі. Тут, на мой погляд, наперадзе работа абодвух бакоў".

Алег Краўчанка адзначыў важнасць таго, што Мэты ўстойлівага развіцця ААН уяўляюць сабой набор важных прыярытэтаў, накіраваных на рэалізацыю інтарэсаў людзей і звязаных з правамі чалавека. Беларусь з'яўляецца адным з прызнаных сусветных лідараў па іх імплементацыі. "Хельсінкскі дэкалог, прынцыпы міжнароднага права - гэта таксама важная частка каштоўнасцей. Менавіта на гэтых прынцыпах грунтуецца пазіцыя Беларусі па пытаннях міжнародных адносін і міжнароднай бяспекі. Прыклады добра вядомыя", - прадоўжыў ён.

"Лічу, што ў Дзень Еўропы ў нас ёсць падставы заявіць аб наяўнасці важных дасягненняў у беларуска-еўрапейскіх адносінах. Асабліва з улікам таго, што на працягу 20 з 28 гадоў незалежнасці і міжнародных адносін Беларусі нашы адносіны з ЕС былі, мякка кажучы, даволі складанымі. З палітычнымі і эканамічнымі санкцыямі, частка якіх, няхай і мінімальная, усё яшчэ захоўваецца. З сур'ёзнымі абмежаваннямі адносна кантактаў. З сістэмным недаверам, астаткавы эфект якога з'яўляецца сур'ёзным негатыўным фактарам, - выказаў меркаванне намеснік кіраўніка МЗС. - Важным дасягненнем з'яўляецца магчымасць раўнапраўнага ўдзелу Беларусі ў мерапрыемствах "Усходняга партнёрства". Спадзяюся на тое, што сумеснымі намаганнямі ў напрамку поўнай нармалізацыі і далейшага развіцця адносін мы рэалізуем гэту магчымасць".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі