
19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паміж Масквой і Мінскам няма невырашальных праблем, у тым ліку і па цане на газ. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік старшыні ўрада Расіі Аляксей Авярчук перад пачаткам беларуска-расійскіх перагавораў на вышэйшым узроўні ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для ўдзелу ў перагаворах у сталіцу Беларусі прыбыла прадстаўнічая расійская дэлегацыя. Як растлумачыў намеснік старшыні ўрада, гэта тлумачыцца ўнікальным фарматам Саюзнай дзяржавы: "Усё ж такі ў нас Саюзная дзяржава. Такога фармату ў нас ні з кім больш няма".
Што датычыцца парадку дня і наяўнасці ў ім сур'ёзных лёсавызначальных рашэнняў, Аляксей Авярчук сказаў: "Будзем абмяркоўваць рэалізацыю ў тым ліку саюзных праграм. Вядома, паглядзім на тое, каб новыя саюзныя праграмы запускаць".
"Як такіх вялікіх праблем няма. Ёсць звычайныя праблемы", - дадаў ён. Паводле яго слоў, паміж бакамі таксама няма невырашальных пытанняў, "усё вырашальна, нават па газе".
"Ёсць саюзная праграма па стварэнні агульнага газавага рынку. Мы вялі перагаворы з калегамі (з Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Моцна зблізілі пазіцыі. Але ёсць момант, які патрабуе ўвагі кіраўнікоў дзяржаў. Мінск традыцыйна хоча, каб цана была блізкай да расійскіх рэгіёнаў, якія мяжуюць з Беларуссю", - растлумачыў Аляксей Авярчук.-0-