
2 чэрвеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Інтэграцыйныя працэсы ў Саюзнай дзяржаве развіваюцца вельмі эфектыўна. Такую ацэнку зрабіў віцэ-прэм'ер Расіі Аляксей Авярчук, размаўляючы з журналістамі па выніках праведзенага 2 чэрвеня ў Маскве пасяджэння Групы высокага ўзроўню Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксей Авярчук і пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой з'яўляюцца сустаршынямі групы.
"Сапраўды, інтэграцыйныя працэсы ў Саюзнай дзяржаве развіваюцца вельмі эфектыўна, гэта мы бачым і па напаўняльнасці парадку дня Групы высокага ўзроўню, і па частаце сустрэч нашых прэм'ераў і кіраўнікоў дзяржаў. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што сапраўды ідзе інтэграцыйны працэс, узрастае тавараабарот, у нас рэалізуюцца сумесныя праекты імпартазамяшчэння", - сказаў расійскі віцэ-прэм'ер.
"Сёння мы сапраўды вырашалі і пытанні мікраўзроўня (ёсць праблемы ўзаемаразлікаў канкрэтных прадпрыемстваў), і пытанні больш глабальныя. Ёсць пытанні падтрымання і стварэння ўмоў для развіцця новай канкурэнтаздольнай прадукцыі, уключаючы медыцыну. Таму парадак дня вельмі шырокі, але ён сведчыць і аб шыраце і цеснаце сувязей паміж нашымі краінамі, паміж нашымі народамі. Сёння была новая напаўняльнасць парадку дня, звязаная з пытаннямі сацыяльнага блока, і ў канцы пасяджэння мы прыйшлі да такой высновы, што многія пытанні не чакаюць нашых рэгулярных вочных сустрэч на ўзроўні ГВУ, а іх можна вырашаць больш аператыўна, завочна", - адзначыў Аляксей Авярчук.
"Усё сведчыць аб тым, што вялікая зацікаўленасць у развіцці сувязей існуе і з таго, і з іншага боку, і важна тое, што вынікі ў нас ёсць", - рэзюмаваў расійскі віцэ-прэм'ер.-0-