Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 лютага 2019, 09:12

Аўстрыя разлічвае на ўмацаванне ўзаемадзеяння з Беларуссю - пасол

5 лютага, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Аўстрыя разлічвае на ўмацаванне ўзаемадзеяння з Беларуссю. Аб гэтым сказала Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Аўстрыі ў Беларусі Алаізія Вергетэр 4 лютага на вечары ў Доме дружбы, прысвечаным 27-годдзю беларуска-аўстрыйскіх дыпадносін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дыпламат адзначыла важнасць развіцця ўсяго спектра двухбаковага супрацоўніцтва, у тым ліку культурнага. Узаемадзеянне павінна актывізавацца са з'яўленнем у Мінску новага офіса пасольства Аўстрыі. Ён адкрыўся каля двух тыдняў таму з удзелам міністраў замежных спраў дзвюх краін.

На думку посла, Беларусь і Аўстрыю звязваюць цесныя эканамічныя, міжпарламенцкія, а таксама добрыя міжчалавечыя кантакты. Яна асабліва адзначыла важнасць пабрацімскіх сувязей паміж гарадамі, рэгіёнамі і сказала аб узаемнай зацікаўленасці іх пашыраць.

Начальнік упраўлення Еўропы МЗС Беларусі Яўген Вараб'ёў назваў высокім узровень беларуска-аўстрыйскага ўзаемадзеяння. Аб гэтым сведчыць і прыезд у мінулым годзе ў Мінск прэзідэнта Аўстрыі для ўдзелу ў адкрыцці другой чаргі мемарыяльнага комплексу "Трасцянец". Агульная гістарычная памяць аб трагічных падзеях Другой сусветнай вайны - важны аспект сучасных адносін паміж дзвюма дзяржавамі.

Экс-пасол Беларусі ў Аўстрыі, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік рабочай парламенцкай групы дружбы з Аўстрыяй Валерый Варанецкі перакананы, што супрацоўніцтва з Аўстрыяй паднялося на новы ўзровень.

Аб важнасці развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва сказаў старшыня праўлення Пріорбанка, ганаровы консул Аўстрыі ў Беларусі, старшыня таварыства дружбы "Беларусь - Аўстрыя" Сяргей Касцючэнка. Ён перакананы ў тым, што трэба вучыцца ў Аўстрыі, як развівацца і канкурыраваць у сучасных умовах. Сяргей Касцючэнка адзначыў, што аўстрыйскія партнёры з вялікай насцярожанасцю прыходзілі на беларускі рынак, але паступова яна змянілася даверам і ўзаемаразуменнем.

Старшыня Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі Ніна Іванова ў сваю чаргу падзякавала аўстрыйскаму боку за вялікую работу на працягу амаль 30 гадоў па аздараўленні беларускіх дзяцей з пацярпелых чарнобыльскіх тэрыторый.

На вечары прагучалі музычныя творы вядомых кампазітараў, у тым ліку аўстрыйскіх.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі