ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 21 мая 2022
Мінск +12°C
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
16 снежня 2021, 10:52

Аўдонін: шуміха па нібыта падрыхтоўцы Расіі да ўварвання ва Украіну - добра спланаваная акцыя НАТА

Фота з архіва
Фота з архіва

16 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шуміха па магчымай падрыхтоўцы Расіі да ўварвання ва Украіну з'яўляецца добра спланаванай інфармацыйна-прапагандысцкай акцыяй НАТА. Аб гэтым газеце "Рэспубліка" заявіў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін, паведамляе БЕЛТА.

"Апошнія падзеі канца лістапада - пачатку снежня паміж Расіяй, ЗША, Еўрасаюзам і КНР сведчаць аб рэалізацыі калектыўным Захадам у адносінах да Расіі новай стратэгіі "апраўдання". Асноўная мэта такога падыходу - аслабіць перагаворныя пазіцыі каманды дзяржаўнікаў як па ўнутрырасійскіх пытаннях, так і па знешнепалітычнай тэматыцы. Пры гэтым варта добра разумець: шуміха па магчымай падрыхтоўцы Расіі да ўварвання ва Украіну з'яўляецца добра спланаванай інфармацыйна-прапагандысцкай акцыяй НАТА пад эгідай ЗША, - лічыць эксперт. - Механізм такой аперацыі - стварэнне ўмоў для прымушэння Расіі да вечнага апраўдання, а апраўданне заўсёды загадзя слабая пазіцыя. Але для чаго гэта ўсё робіцца? Наўрад ці толькі дзеля абароны Украіны Вашынгтон разгарнуў такое масавае цкаванне Масквы. Усюды трэба шукаць эканамічную падаплёку. І, вядома ж, яна ёсць".

Паводле слоў Аляксея Аўдоніна, раннія заявы кіраўніцтва ФРГ наконт перспектыў газаправода "Паўночны паток - 2" у частцы магчымага спынення працэсу яго сертыфікацыі і рэалізацыі ў выпадку "агрэсіі" Расіі могуць яскрава сведчыць аб тым, што мэта такіх інфармацыйных манеўраў - паставіць крыж на газаэнергетычных праектах Расіі.

"Энергетычныя кампаніі ЗША хочуць манапольна кантраляваць гэты рынак Еўропы. Утрыманне высокіх цэн - залог паспяховай рэалізацыі амерыканскімі кампаніямі праекта па пераходзе еўрапейцаў на звадкаваны газ. Чым вышэйшыя цэны на рынку, тым лепшае пакрыццё даволі высокага сабекошту вытворчасці, дастаўкі і разрэджвання ЗПГ. А негатыў да Расіі з яе чаканай "атакай" на Украіну выступае як поршань, які падціскае еўрапейцаў, і ў першую чаргу немцаў, адмовіцца ад расійскага газу, - адзначыў аналітык. - Адначасова сітуацыя з верагоднасцю правалу праекта "Паўночны паток - 2", увядзення новых санкцый супраць расійскіх кампаній і персаналій "націскае" на ліберальныя колы Расіі для павышэння ўнутранага канфлікту эліт у пытанні перспектыў супрацоўніцтва з Кітаем. ЗША хочуць праз лібералаў адарваць Расію ад Кітая і пакінуць Пекін у адзіноце ў барацьбе з калектыўным Захадам".

Аляксей Аўдонін падкрэсліў: амерыканцы і брытанцы разумеюць, што доўга "прадаваць" у эфір глабальным медыя казку пра Расію, якая вечна нападае, але так і не напала на Украіну, не змогуць. Ім неабходна матэрыялізаваць віртуальны вобраз "агрэсіі". Гэта значыць патрэбна правакацыя на граніцах так званага цывілізацыйнага разлому - гэта граніцы Саюзнай дзяржавы, у тым ліку Крым.

"У кастрычніку - лістападзе 2021 года калектыўны Захад адпрацоўваў правакацыйную версію з мігрантамі на польскай граніцы. Не далі, не атрымалася. Аляксандр Лукашэнка сарваў усе планы: адвёў мігрантаў з граніцы, размясціў у ТЛЦ і частку выслаў назад. Цяпер, на думку заходніх ідэолагаў, настаў час для адпрацоўкі чарнаморскага сцэнарыя. Карпарацыя Stratford раней апублікавала аналітычную запіску, дзе дакладна прапісала будучы сцэнарый цывілізацыйнага канфлікту паміж Расіяй і Захадам менавіта за Чорнае мора і Крым, - сказаў палітолаг. - Захад, і ў першую чаргу брытанская эліта, песціў надзею, што Майдан-2014 дасць магчымасць здзейсніць даўнюю мару Брытаніі і ўстанавіць кантроль над Крымам. Але спрытная і ўмелая "разводка" Расіяй сітуацыі дазволіла бяскроўна не дапусціць захопу паўвострава чужой цывілізацыяй".

На думку Аляксея Аўдоніна, цяпер Беларусь нараўне з Крымам з'яўляецца фарпостам цывілізацыйнай вайны. "На гэты час заходнія фабрыкі думкі адпрацоўваюць сцэнарыі эскалацыі сітуацыі вакол Беларусі напярэдадні, падчас і пасля рэферэндуму па Канстытуцыі. У іх захоўваюцца планы маланкавай пераарыентацыі Беларусі з усходняга на заходні вектар. Стаўка робіцца на стварэнне нявызначанасці. Такім чынам, процістаянне паміж Расіяй, ЗША, Вялікабрытаніяй і КНР узмацняецца і мае ўсё большы характар барацьбы не дзяржаў, а цывілізацый", - рэзюмаваў аналітык БІСД.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі