Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
21 лістапада 2019, 14:01

Андрэйчанка: у абноўленай мадэлі СД павінна быць выразная нацэленасць на вырашэнне практычных задач

21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У абноўленай мадэлі Саюзнай дзяржавы павінна выразна прасочвацца нацэленасць на вырашэнне практычных задач. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на адкрыцці сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ў Санкт-Пецярбургу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Дваццацігоддзе падпісання дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы - сур'ёзная нагода для падвядзення вынікаў і вызначэння новых перспектыў, адзначыў Уладзімір Андрэйчанка. "У абноўленай саюзнай мадэлі павінна выразна прасочвацца нацэленасць на рашэнне практычных задач, у першую чаргу ў эканоміцы. Наша работа павінна быць адчувальная суб'ектамі гаспадарання і грамадзянамі дзвюх краін. Яны павінны бачыць практычную аддачу ад саюзнага будаўніцтва", - падкрэсліў ён.

Многія ідэі дагавора ўвасоблены ў жыццё. Грамадзянам Беларусі і Расіі прадастаўлены аднолькавыя правы ў сферах працы, аховы здароўя, адукацыі. Дзейнічае адзіная міграцыйная прастора.

"Аднак крытычна ацэньваючы праведзеную работу, трэба прызнаць, што рэалізацыя норм дагавора ў эканамічнай сферы не можа нас задаволіць. Мерапрыемствы, якія павінны былі прывесці да стварэння адзінай эканамічнай прасторы, на справе не рэалізаваны", - канстатаваў спікер.

"Больш таго, з часам адрозненні, якія ўзніклі на нацыянальным узроўні эканамічнага рэгулявання, унеслі яшчэ большы дысбаланс у наша ўзаемадзеянне, ускладніўшы і без таго няпростыя ўмовы працы суб'ектаў гаспадарання дзвюх краін. Відавочна, што для пераадолення гэтай негатыўнай тэндэнцыі патрэбны новыя, сістэмныя і рашучыя дзеянні", - дадаў ён.

Уладзімір Андрэйчанка нагадаў, што ў верасні 2019 года кіраўнікі ўрадаў парафіравалі праект сумеснай праграмы дзеянняў па рэалізацыі саюзнага дагавора. Спікер выказаў надзею, што дакументы, якія сёння рыхтуюцца да падпісання, урэгулююць дыскусійныя пытанні ў нафтавай, газавай, транспартнай, фінансавай сферах і створаць умовы для бесперашкоднага доступу да рынкаў прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. "Беларускі бок лічыць, што ўсе яны павінны быць падпісаны пакетным прынцыпам. Затым без прамаруджвання трэба пачаць распрацоўку тых пагадненняў, якія павінны быць заключаны да 1 студзеня 2021 года", - сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі