Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 чэрвеня 2019, 15:34

Андрэйчанка: палітыка пратэкцыянізму не дазваляе ствараць роўныя ўмовы для прадпрыемстваў Беларусі і Расіі

17 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палітыка пратэкцыянізму не дазваляе ствараць роўныя ўмовы для прадпрыемстваў Беларусі і Расіі, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка сёння на адкрыцці ў Мінску сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што чым больш сталай становіцца беларуска-расійская інтэграцыя, тым большым становіцца грамадскае запатрабаванне на яе паглыбленне, вырашэнне праблем, якія тармозяць развіццё эканомікі. "Палітыка нацыянальнага пратэкцыянізму не дазваляе эфектыўна вырашаць задачы па стварэнні аднолькавых умоў для суб'ектаў гаспадарання, пераадолення бар'ераў ва ўзаемным гандлі, правядзення ўзгодненай прамысловай і аграрнай палітыкі. Захоўваюцца абмежаванні ў пастаўках сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі. Вельмі марудна вырашаюцца пытанні рэалізацыі адзінай транспартнай палітыкі, фарміравання агульнага паліўна-энергетычнага рынку", - падкрэсліў ён.

Беларускі спікер нагадаў, што кіраўнікі дзвюх дзяржаў далі даручэнне ўрадам да 21 чэрвеня знайсці агульныя падыходы па ўсіх важных пытаннях і ўнесці адпаведныя прапановы. Уладзімір Андрэйчанка перакананы, што саюзныя парламентарыі не павінны заставацца ўбаку ад гэтага працэсу, тым больш што ў прыярытэтных напрамках Парламенцкаму сходу даручана выпрацоўка ўзгодненых рашэнняў па праблемах саюзнага будаўніцтва. Адпаведны інструментарый ёсць.

У якасці прыкладу старшыня Палаты прадстаўнікоў прывёў практыку правядзення парламенцкіх слуханняў, урадавай гадзіны. "Неабходна і далей іх выкарыстоўваць, дабіваючыся няўхільнага выканання прынцыпу роўных умоў для грамадзян, суб'ектаў гаспадарання. Толькі так мы зможам у поўнай меры раскрыць патэнцыял Саюзнай дзяржавы. Тэмамі дыскусій могуць стаць забеспячэнне роўнага ўдзелу беларускіх і расійскіх пастаўшчыкоў тавараў у праграмах дзяржаўных закупак, урэгуляванне пытанняў субсідзіравання сумесна вырабленай тэхнікі і рэалізацыя праграм імпартазамяшчэння", - прапанаваў спікер.

Падводзячы для журналістаў вынікі сесіі, Уладзімір Андрэйчанка заявіў, што ўсе прынятыя на ёй рашэнні накіраваны на тое, каб ад лёгкага шторму, які апошнім часам назіраецца ў двухбаковых адносінах, перайсці да паўнацэннага раўнапраўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Інтэграцыя - няпросты працэс, у саюзным будаўніцтве дастаткова праблем. Сутнасць іх зводзіцца да адсутнасці адзінага рынку і роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання, нагадаў спікер. У асноўным праблемныя пытанні сталі прадметам абмеркавання саюзных парламентарыяў.

На сесіі разглядалася рэалізацыя прыярытэтных напрамкаў і першачарговых задач далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы на 2018-2022 гады. Дэпутатам была прадстаўлена інфармацыя аб рабоце па павышэнні эфектыўнасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, а таксама аб дзейнасці па развіцці аграпрамысловага комплексу ў Саюзнай дзяржаве. Акрамя таго, прааналізавана выкананне рэзалюцыі Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ад 30 чэрвеня 2017 года "Аб адмене роўмінгу на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы", падведзены вынікі дзейнасці Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе.

Акрамя дэпутатаў Парламенцкага сходу ў рабоце сесіі прынялі ўдзел прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, міністэрстваў і ведамстваў Беларусі і Расіі, пастаянных наглядальнікаў пры Парламенцкім сходзе, члены Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі