Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
05 снежня 2022, 16:35

Андрэйчанка: краінам АДКБ неабходна ўмацоўваць саюзніцкія адносіны

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краінам АДКБ неабходна ўмацоўваць саюзніцкія адносіны, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на пятнаццатым пленарным пасяджэнні ПА АДКБ у Маскве, паведамляе БЕЛТА.

"Адыходзячы год з пункту гледжання ваенна-палітычнай абстаноўкі быў вельмі няпростым. Тыя негатыўныя тэндэнцыі, аб якіх мы з вамі неаднаразова гаварылі, сёння трансфармуюцца ў рэальныя ваенна-палітычныя пагрозы. Па-першае, запушчаны некантралюемы працэс шырокамаштабнага пераўзбраення і мілітарызацыі цэлых рэгіёнаў. У параўнанні з 2014 годам сумарныя абаронныя расходы краін НАТА павялічыліся на $350 млрд. У цэлым абаронны бюджэт 30 дзяржаў альянсу дасягнуў звыш $1 трлн. Адначасова нарошчваецца амерыканская ваенная прысутнасць у Еўропе. Ужо цяпер там дыслацыравана больш за 60 тыс. ваеннаслужачых ЗША на пастаяннай аснове. Асобныя краіны ператвараюцца ў палігон для апрабавання найноўшых сістэм ударных узбраенняў, перш за ўсё амерыканскіх. Пры гэтым прадаўжаецца пашырэнне НАТА за кошт уступлення ў альянс Фінляндыі і Швецыі, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Праглядаюцца таксама спробы расхістаць сітуацыю ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, на што нацэлены фарміраванне новага ваенна-палітычнага саюза AUKUS (ЗША, Вялікабрытанія, Аўстралія), а таксама нядаўнія дзеянні ЗША і Вялікабрытаніі ў адносінах да Тайваня".

Паводле яго слоў, у грамадскую свядомасць актыўна ўкараняецца тэзіс аб магчымасці вырашэння актуальных праблем міжнароднага парадку дня сілавым шляхам. "Асобныя палітыкі дагаварыліся да таго, што адкрыта прапаведуюць ідэі, якія мяжуюць з нацысцкай ідэалогіяй, параўноўваючы заходні свет з садам, а астатнюю частку чалавецтва з джунглямі. У спалучэнні з безадказнымі разважаннямі аб магчымасці прымянення тактычнай ядзернай зброі такога роду дзеяння, па сутнасці, ставяць свет на грань катастрофы, - адзначыў спікер. - Па-трэцяе, сур'ёзную заклапочанасць выклікае тое, што міжнародныя пляцоўкі, перш за ўсё ААН і АБСЕ, прызначаныя забяспечваць глабальную і рэгіянальную бяспеку, ператвараюцца ў інструмент націску і нарошчвання канфрантацыі. Наглядны прыклад таго - палітыка Захаду ў адносінах да Беларусі і Расіі. Там ужо не ведаюць, якія яшчэ меры прыняць, каб прымусіць нас адмовіцца ад самастойнага выбару шляху развіцця. Ды і іншыя дзяржавы АДКБ праходзяць праверку на трываласць, аб чым сведчаць падзеі адыходзячага года. Думаю, для ўсіх цяпер відавочна, што ў спакоі нас не пакінуць. У іх уяўленнях нашым дзяжавам няма месца на будучай карце свету. Каб выжыць, нам неабходна ўмацоўваць саюзніцкія адносіны, забяспечваць абараназдольнасць дзяржаў-членаў і эфектыўнасць АДКБ у цэлым".

"Паралельна мы павінны сканцэнтраваць намаганні на фарміраванні новай сістэмы міжнародных адносін, заснаванай на прынцыпах узаемапавагі і недзялімасці бяспекі. Нам патрэбны свет, дзе голас кожнай дзяржавы будзе чутны і мець роўную вагу пры вырашэнні тых праблем, якія пагражаюць чалавецтву - голад, кліматычныя змяненні, забруджванне навакольнага асяроддзя і многія іншыя. Менавіта на гэта нацэлены прыярытэты старшынства Рэспублікі Беларусь у АДКБ, абазначаныя кіраўніком беларускай дзяржавы на сесіі Савета калектыўнай бяспекі ў Ерэване. Дэвіз нашага старшынства "Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі" ў поўнай меры адпавядае чаканням нашых краін і народаў", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі