16 верасня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Склад Палаты прадстаўнікоў шостага склікання плануе інтэнсіўна працаваць у перыяд асенняй сесіі, каб паспець прыняць важныя законапраекты, якія знаходзяцца на разглядзе ў парламенце. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Трэба будзе выканаць яшчэ вялікі аб'ём работ. На разглядзе знаходзяцца 60 пытанняў, з іх 40 уключаны ў графік работы, - праінфармаваў старшыня Палаты прадстаўнікоў. - Вядома, мы зробім усё неабходнае, каб не пакідаць вялікую "спадчыну" тым дэпутатам, якія прыйдуць на работу замест нас".
Уладзімір Андрэйчанка запэўніў, што парламентарыі ўдзеляць асаблівую ўвагу прыняццю праекта рэспубліканскага бюджэту на 2020 год, як гэта і адзначаў Прэзідэнт. "Вядома, мы пастараемся гэтым скліканнем прыняць рэспубліканскі бюджэт на 2020 год", - сказаў ён.
Ацэньваючы вынікі работы дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў шостага склікання, Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што яны паспяхова справіліся са сваёй асноўнай задачай - заканатворчасцю. "Наконт гэтага зроблена вельмі шмат. 236 законаў, якія прыняты цяперашнім складам, падпісаны Прэзідэнтам", - растлумачыў ён.
Акрамя таго, праведзена значная работа на міжнароднай арэне. "Чаго каштуе правядзенне ў Мінску 26-й сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, - прывёў прыклад старшыня Палаты прадстаўнікоў. - Мы ўмацавалі свае пазіцыі ў ПА АБСЕ. За апошнія тры гады супраць Беларусі не было прынята ні адной рэзалюцыі. А дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падрыхтавалі тры рэзалюцыі, якія былі прыняты ПА АБСЕ". Пашырылася таксама ўзаемадзеянне з парламентарыямі Швейцарыі, Польшчы, Чэхіі. "Беларускі парламент пазнаваемы, аўтарытэтны, з намі раяцца, нас нармальна ўспрымаюць", - канстатаваў ён.
Кіраўнік дзяржавы ў час сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў прапанаваў арганізаваць яго сустрэчу з парламентарыямі, каб выказаць ім удзячнасць за праведзеную работу. Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, такая сустрэча можа прайсці ў Палацы Незалежнасці пасля завяршэння работы парламента цяперашняга склікання.
Што датычыцца планаў па далейшай рабоце дэпутатаў, то амаль 30 чалавек заявілі аб намеры перавыбірацца на новы тэрмін. "Настрой у дэпутатаў нармальны, рабочы. Безумоўна, яны атрымалі вялікі вопыт работы. Думаю, яны будуць запатрабаваны і ў дзяржорганах", - рэзюмаваў Уладзімір Андрэйчанка.-0-