Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
26 студзеня 2022, 12:26

Андрэйчанка: Беларусь і Куба маюць трывалую аснову для развіцця супрацоўніцтва па ўсіх напрамках

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Куба маюць трывалую аснову для развіцця супрацоўніцтва па ўсіх напрамках, заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка ў час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кубы ў Беларусі Хуанам Вальдэсам Фігероа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта не першая наша сустрэча - мы некалькі разоў з вамі сустракаліся. На жаль, вы ў хуткім часе пакідаеце Беларусь. Але ўпэўнены, што ў вас застануцца добрыя ўспаміны пра Беларусь, гасціннасць беларускага народа. Тым больш што за час работы тут вы зрабілі вельмі шмат для ўмацавання даверных адносін паміж Беларуссю і Кубай. У 2019 годзе пры вашым непасрэдным удзеле адбыўся візіт Прэзідэнта Кубы ў Беларусь, сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі. Абмеркаваны важныя пытанні. Мы лічым, што ў цэлым была створана аснова для далейшай работы і на міжнароднай арэне, і для развіцця эканамічнага, гуманітарнага супрацоўніцтва", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

У час старшынства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе Куба атрымала статус наглядальніка. "Важна, вядома, і наша міжпарламенцкае супрацоўніцтва. Мы з задавальненнем прымем тут з візітам старшыню парламента Кубы. Як і дамаўляліся, цяпер рыхтуецца візіт майго намесніка Валерыя Міцкевіча на Кубу. Гэта будзе прыкладна з 13 па 15 лютага. Ён будзе сумешчаны з удзелам у пасяджэнні асамблеі Парлаціна, якое адбудзецца ў Панаме. Мы думаем, што візіт будзе насычаным, плённым. Гатовы разам з ім накіраваць і частку нашых бізнесменаў, калі гэта неабходна", - расказаў ён.

Уладзімір Андрэйчанка падкрэсліў, што Беларусь і Куба вельмі плённа ўзаемадзейнічаюць на міжнародных парламенцкіх пляцоўках. "Нам трэба і далей цесна супрацоўнічаць, асабліва што датычыцца Міжпарламенцкага саюза, Лацінаамерыканскага парламента. З восені 2021 года мы прымаем удзел у Парламенцкай сетцы Руху недалучэння. Таму і там нам трэба цесна супрацоўнічаць, - канстатаваў спікер. - У цэлым хачу падзякаваць вам за тое, што вы ў час сваёй работы наладзілі цесныя кантакты паміж парламенцкімі групамі дружбы Беларусі і Кубы. Вельмі часта гэтыя групы прымалі заявы, якія былі накіраваны супраць таго націску, санкцый, якія аказваюцца на Беларусь і Кубу. Вядома, трэба больш цесна працаваць па гандлёва-эканамічным пагадненні, па тым плане дзеянняў, які быў падпісаны паміж нашымі ўрадамі. Тым больш ёсць цікавыя праекты па сельскай гаспадарцы, па будаўніцтве птушкафабрыкі дасягнута дамоўленасць у свабоднай эканамічнай зоне, там сур'ёзныя прэферэнцыі прадастаўляюцца. За апошні год павялічыліся пастаўкі сельгаспрадукцыі, прадуктаў харчавання. І астатнія напрамкі вы цудоўна ведаеце. Гэта пытанні машынабудаўнічай прадукцыі. Нашы кантакты будуць развівацца і ў будучым у станоўчым напрамку, зачын вамі зроблены добры".

Пасол адзначыў, што нас звязваюць не толькі прафесійныя, але і дружалюбныя, братэрскія адносіны. "Гэта з'яўляецца знакам узроўню нашых адносін, дасягнутых на працягу многіх гадоў. Можна сказаць, што карані далёка ў нашай агульнай гісторыі, дзе сфарміраваліся вельмі цесныя сувязі паміж народамі, - сказаў ён. - Адносіны паміж нашымі прэзідэнтамі блізкія. Куба праяўляе салідарнасць з Беларуссю. На яе ідуць нападкі з боку тых дзяржаў, якія стараюцца падрываць унутраны парадак і ствараць так званыя каляровыя рэвалюцыі, як гэта было ў іншых краінах. Вы бачылі, што здарылася ў Казахстане. Таму нам трэба вытрымаць усе гэтыя нападкі. Мы ўдзячныя за вашу падтрымку і салідарнасць з Кубай".

Хуан Вальдэс Фігероа ўпэўнены, што ў Беларусі і Кубы вялікі патэнцыял для развіцця ўзаемадзеяння па шырокім спектры пытанняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі