Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
25 сакавіка 2022, 18:13

Амаль 60 пагадненняў рыхтуецца да падпісання на ІХ Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі

25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава сустрэлася з дэлегацыяй Савета Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі па падрыхтоўцы і правядзенні ІХ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы сабраліся сёння для таго, каб абмеркаваць вельмі важнае мерапрыемства - ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які традыцыйна праводзяць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савет Федэральнага сходу Расіі. Нашы калегі прыехалі да нас, каб абмеркаваць усе нюансы, магчымыя пытанні па падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства, якое стала традыцыйным. Сёння ўжо адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, дзе быў разгледжаны шэраг пытанняў па падрыхтоўцы і правядзенні форуму", - сказала Наталля Качанава.

Паводле яе слоў, плануецца, што ў гэтым годзе форум пройдзе ў вочным фармаце ў канцы чэрвеня ў Гродне. "Нішто не перашкаджае нам яго правесці. Вызначаны дата, месца для пражывання ўдзельнікаў і правядзення секцый, іх тэматыка", - звярнула ўвагу спікер верхняй палаты.

"Акрамя таго, у нас намячаецца яшчэ адно вельмі важнае палітычнае мерапрыемства, якое, спадзяюся, ляжа на душу ўсім і стане традыцыйным, - "Поезд Перамогі". Гэта падзея будзе інтэгравана ў Форум рэгіёнаў. Дзесяцікласнікі з дзвюх краін разам праедуць па знакавых мясцінах, дзе ішлі баі ў Вялікую Айчынную вайну, беларускіх і расійскіх гарадах. Старт гэтай акцыі будзе дадзены 22 чэрвеня - у значны для нашай краіны дзень", - дадала Наталля Качанава.

"Мы ўсе заўважаем, які беспрэцэдэнтны націск аказваецца сёння на Беларусь і Расію. Нас гэтым не напалохаць, і пацвярджэннем таго будучы Форум рэгіёнаў. У гэтым годзе асаблівую актуальнасць набывае развіццё нашага інтэграцыйнага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі дзвюх краін, перад якімі адкрываюцца вялікія магчымасці", - падкрэсліў старшыня Камітэта Савета Федэрацыі па федэратыўным уладкаванні, рэгіянальнай палітыцы, мясцовым самакіраванні і справах Поўначы Андрэй Шаўчэнка.

Так, у бліжэйшыя месяцы ў Беларусь плануецца прыезд дэлегацый шэрага расійскіх рэгіёнаў, у тым ліку з Пензенскай і Варонежскай абласцей. "Вельмі важна да самога форуму правесці дзелавыя сустрэчы, у тым ліку прадпрымальнікаў, для якіх гэта дасць новы штуршок да развіцця", - расказаў Андрэй Шаўчэнка.

"Плануецца вялікая колькасць удзельнікаў - каля 250 з кожнага боку. Акрамя таго, форум не закрыты для ўдзелу любога бізнесу. У нас будзе шэсць тэматычных секцый, якія цесна інтэграваны ў 28 саюзных праграм, прынятых кіраўнікамі дзяржаў. Ва ўмовах кашчунскай санкцыйнай палітыкі калектыўнага Захаду і ЗША мы можам зрабіць сур'ёзны крок у галіне імпартазамяшчэння, аб'яднаўшы намаганні. Так, будуць узнімацца пытанні, звязаныя з прамысловасцю, аграпрамысловым сектарам, развіццём сферы адукацыі, навацыямі і інвестыцыямі. На сённяшні дзень у нас у прапрацоўцы на падпісанне амаль 60 пагадненняў паміж рэгіёнамі", - дадаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праводзіцца штогод пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі. У гэтым годзе тэма ІХ Форуму рэгіёнаў - "Роля міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў паглыбленні інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі