
17 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Выкананне інтэграцыйных саюзных праграм наблізілася да 80 працэнтаў. Аб гэтым міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў па выніках перагавораў з кіраўніком МЗС Расіі Сяргеем Лаўровым у Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністэрствы замежных спраў вельмі актыўна ўдзельнічаюць у рабоце па рэалізацыі саюзных праграм, аказваюць дыпламатычнае суправаджэнне гэтага працэсу. Выкананне гэтых праграм ужо наблізілася да 80 працэнтаў", - сказаў Сяргей Алейнік. Ён падкрэсліў, што ўся гэта работа прыносіць адчувальны станоўчы вынік як для грамадзян, так і для бізнес-колаў абедзвюх краін.
Па выніках перагавораў міністры падпісалі заяву па агульных знешнепалітычных прыярытэтах. У дакуменце выказана агульнае імкненне да далейшага развіцця адносін саюзніцтва і стратэгічнага партнёрства, стварэння ўмоў для паглыблення саюзнай інтэграцыі, узаемадзеяння на міжнароднай арэне і пашырэння на ёй сумесных прыярытэтаў.-0-