Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
15 снежня 2022, 19:37

Алейнік: нам удалося выбудаваць паспяховае супрацоўніцтва з Ватыканам, але шмат што яшчэ наперадзе

15 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусі і Ватыкану ўдалося выбудаваць паспяховае супрацоўніцтва па розных напрамках, але шмат што яшчэ трэба будзе зрабіць. Аб гэтым гаворыцца ў звароце міністра замежных спраў Сяргея Алейніка з нагоды прэзентацыі першага перакладу з лацінскай на беларускую мову кодэкса Кананічнага права. Тэкст звароту зачытаў на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальнай бібліятэцы намеснік міністра замежных спраў Юрый Амбразевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік МЗС звярнуў увагу на значнасць правядзення прэзентацыі кодэкса ў гэтым годзе і ў гэтым месцы. Паколькі ў 2022-м адзначаецца 30-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусі і Святога Прастола, спаўняецца 100 гадоў з дня заснавання Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, 500 гадоў публікацыі першага друкаванага малітвенніка для вернікаў на беларускай мове - Малой падарожнай кніжкі Францыска Скарыны і 1030-годдзе першай хрысціянскай епархіі на беларускай зямлі. Акрамя таго, роўна 500 гадоў таму ўраджэнец Беларусі Мікола Гусоўскі напісаў для Папы Рымскага Льва Х паэму "Песня пра зубра" менавіта на лацінскай мове. "Сёння мы з вамі прысутнічаем на прэзентацыі перакладу з лацінскай на беларускую мову кнігі кодэкса Кананічнага права. Хачу падкрэсліць, што гэта значная падзея як для беларуска-ватыканскіх адносін, так і для Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі і нашай краіны ў цэлым", - гаворыцца ў звароце міністра.

"Адносіны паміж Мінскам і Ватыканам заснаваны на трывалых традыцыях, павазе, даверы, разуменні і адкрытасці. Нам удалося выбудаваць паспяховае супрацоўніцтва па розных напрамках. Размова ідзе ў першую чаргу аб намаганнях па ўмацаванні мер даверу і бяспекі ў рэгіёне і свеце. Нашы кіраўнікі неаднаразова выказвалі сугучныя пазіцыі па гэтым пытанні, - падкрэсліваецца ў звароце Сяргея Алейніка. - Мінскам і Апостальскай сталіцай ужо шмат што зроблена ў гэтым напрамку. На жаль, як паказвае наша рэчаіснасць, чакаецца яшчэ шмат работы для дасягнення такога неабходнага нам усім выніку".

У якасці традыцыйных сумесных ініцыятыў у МЗС назвалі барацьбу з гандлем людзьмі, процідзеянне насіллю ў адносінах да дзяцей, абарону натуральнай сям'і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей, а таксама супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы. "Наша сумесная шматгадовая дзейнасць ва ўсіх гэтых галінах прынесла адчувальныя станоўчыя вынікі. Супадаюць нашы пазіцыі і па пытанні неабходнасці прадастаўлення шырокіх магчымасцей для атрымання адукацыі, у тым ліку і ў духоўнай сферы", - сказана ў звароце міністра.

Асаблівае значэнне ва ўзаемадзеянні са Святым Прастолам і Рымска-каталіцкай царквой Беларусь адводзіць міжканфесійнаму дыялогу і гатова развіваць гэта плённае супрацоўніцтва ў духу павагі і ўзаемаразумення.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі