
29 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік 30-31 мая наведае з афіцыйным візітам Пакістан. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Праграмай візіту прадугледжаны сустрэчы з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі дзелавых колаў Пакістана.
"У час запланаваных поўнафарматных перагавораў з міністрам замежных спраў Білавалам Бхута Зардары плануецца абмеркаваць увесь спектр супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана ў палітыцы, эканоміцы, прамысловасці, навуцы, культуры, адукацыі, фармацэўтыцы і іншых сферах. Будзе закрануты актуальны міжнародны парадак дня, узаемадзеянне дзвюх краін у рамках міжнародных арганізацый", - расказалі ў міністэрстве.
Асаблівая ўвага ў час візіту будзе ўдзелена тэматыцы кааперацыйнага супрацоўніцтва, рэалізацыі сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай сферы, падкрэслілі ў ведамстве. Чакаецца падпісанне шэрага значных для развіцця двухбаковых адносін дакументаў.
Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Пакістанам устаноўлены 3 лютага 1994 года. У 2014-2015 гадах адкрыты пасольствы Беларусі і Пакістана ў Ісламабадзе і Мінску адпаведна.
У палітычнай сферы ўзаемная воля да развіцця дыялогу зафіксавана ў Ісламабадскай дэкларацыі беларуска-пакістанскага партнёрства ад 29 мая 2015 года, дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве ад 10 жніўня 2015 года і сумеснай заяве Прэзідэнта Беларусі і Прэм'ер-міністра Пакістана ад 5 кастрычніка 2016 года.-0-