Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Палітыка
17 студзеня 2023, 19:42

Ад прамкааперацыі і стварэння мультыхаба да перапрацоўкі смецця. Аб чым Крутой дамовіўся з губернатарам Падмаскоўя

17 студзеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 17 студзеня правёў перагаворы з губернатарам Маскоўскай вобласці Андрэем Вараб'ёвым. Аб чым бакам удалося дамовіцца і якія задачы па развіцці супрацоўніцтва яны паставілі па выніках сустрэчы, Дзмітрый Крутой расказаў, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

Паводле слоў пасла, у першую чаргу абмяркоўвалася сфера прамысловасці, асабліва ў частцы прамысловай кааперацыі і праектаў імпартазамяшчэння. "У Маскоўскай вобласці ёсць свая вельмі вялікая праграма імпартазамяшчэння, кожны год рэалізуецца недзе па 13-15 значных імпартазамяшчальных праектаў, таму губернатара цікавілі магчымасці Беларусі па прамысловай кааперацыі, - сказаў Дзмітрый Крутой. - У нас ужо ёсць вельмі добрыя прыклады: Мінскі маторны завод вельмі цесна ўзаемадзейнічае з Нагінскім заводам паліўнай апаратуры, створана ліфтавая вытворчасць з высокай ступенню лакалізацыі і гэтак далей". У бліжэйшых планах - стварэнне сумеснага холдынга аўтакампанентаў.

"Яшчэ губернатар запрасіў нашы прадпрыемствы падумаць над стварэннем такога мультыпрамысловага хаба, дзе мы маглі б займацца не толькі гандлем і сэрвісам на тэрыторыі ўсёй Маскоўскай вобласці і, магчыма, сумежных рэгіёнаў, але і адрадзіць нейкія кааперацыйныя кампетэнцыі, - прадоўжыў Дзмітрый Крутой. - Напрыклад, на базе шасі МАЗа вырабляць камунальную, медыцынскую, пажарную тэхніку. Гэта новая прапанова, мы цяпер вывучаем патэнцыяльныя пляцоўкі і інфраструктуру. Магчыма, ужо ў бліжэйшы час мы выйдзем на нейкія дамоўленасці і пагадненні".

Яшчэ адна сфера, якая актыўна абмяркоўвалася, - сельская гаспадарка. "У Маскоўскай вобласці зроблена стаўка на жывёлагадоўлю, перапрацоўку малочнай прадукцыі, - растлумачыў пасол. - Наступная тэма гэта цяплічная гаспадарка. Губернатар расказаў аб некалькіх буйных комплексах, якія ўведзены ў мінулым годзе ў эксплуатацыю, і запрасіў дэлегацыю Беларусі азнаёміцца з вопытам самых сучасных тэхналогій цяплічнага круглагадовага вырошчвання агародніны. Акрамя таго закраналася тэма перапрацоўкі пладова-ягаднай прадукцыі. Мы дамовіліся актыўна ў гэтай сферы ўзаемадзейнічаць".

"Ну, і трэцяя тэма - жыллёва-камунальная гаспадарка, - адзначыў Дзмітрый Крутой. - У Расіі пяць гадоў рэалізуецца так званая смеццевая рэформа. У Маскоўскай вобласці закрыты ўсе палігоны, стапрацэнтнае сартаванне смецця і 50 працэнтаў з гэтага аб'ёму ідзе на другасную перапрацоўку. Рэгіён з'яўляецца лідарам у Расіі, будуецца 11 новых перапрацоўчых заводаў плюс чатыры прадпрыемствы па спальванні смецця. Улічваючы, што ў рамках нашай праграмы Прэзідэнт удзяляе гэтай тэме асаблівую ўвагу, мы таксама дамовіліся абмяняцца дэлегацыямі адпаведных спецыялістаў, каб і тут была пэўная кааперацыя. У сваю чаргу губернатар выказаў зацікаўленасць у набыцці нашай тэхнікі па зборы адходаў і перапрацоўцы смецця. Гэта таксама вельмі важны і цікавы напрамак нашага супрацоўніцтва".

Пасол таксама паведаміў, што ад імя кіраўніцтва Беларусі ён запрасіў губернатара Маскоўскай вобласці наведаць з афіцыйным візітам Мінск. "Мы падбяром адпаведную праграму. Ён гэту прапанову прыняў, я думаю, што гэты візіт адбудзецца ў бліжэйшы час", - дадаў Дзмітрый Крутой.

Маскоўская вобласць - адзін з галоўных гандлёвых партнёраў Беларусі сярод рэгіёнаў РФ. Паводле даных пасольства Беларусі ў Расіі, у студзені-лістападзе 2022 года ўзаемны тавараабарот склаў $8 млрд 874,5 млн, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года больш як на чвэрць (+25,1 працэнта). Беларускі экспарт у Падмаскоўе вырас да $5 млрд 746,6 млн (+46,2 працэнта), імпарт склаў $3 млрд 127,9 млн (-1 працэнт).

У структуры беларускага экспарту пераважаюць пастаўкі сыроў і тварагу, тэлевізараў, манітораў і праектараў, масла сметанковага, лекавых сродкаў, расфасаваных для рознічнага продажу, малака і вяршкоў згушчаных і сухіх, частак і прылад для аўтамабіляў і трактароў, гатовай або кансерваванай рыбы, тары пластмасавай, мяса і харчовых субпрадуктаў свойскай птушкі.

Па паказчыку беларускага экспарту Маскоўская вобласць займае першае месца сярод расійскіх рэгіёнаў. Па аб'ёме тавараабароту Беларусь - самы вялікі знешнегандлёвы партнёр Маскоўскай вобласці.

Узаемадзеянне з гэтым расійскім рэгіёнам ажыццяўляецца ў рамках пагаднення паміж урадамі Беларусі і Маскоўскай вобласці аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве ад 14 чэрвеня 2000 года, а таксама на аснове выканання сярэднетэрміновых праграм гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва па асноўных галіновых напрамках. Створана рабочая група па развіцці і каардынацыі супрацоўніцтва з Маскоўскай вобласцю. З беларускага боку яе ўзначальвае першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі