Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Фотанавіны
13:09 21 лютага 2023

Створаны віцебскім скульптарам помнік ахвярам генацыду ўстановяць у Сянно

У Сянно да Дня горада ўстановяць помнік ахвярам генацыду - работу віцебскага скульптара Івана Казака. Будучы культурны аб'ект уяўляе сабой камбінацыю з некалькіх знакавых зон. На адной, справа, на пліце паказаны населены пункт - з драўлянымі дамамі, навіслымі над імі драцянымі загародамі. Сярэдзіна кампазіцыі ўяўляе сабой круты спуск, па якім ідуць людзі. Яны ідуць на расстрэл, і ў кожнай постаці відаць асуджанасць і ўсведамленне, што гэты спуск вядзе ў магілу і назад дарогі няма. Злева на помніку паказана частка звычайнага дома - фрагмент даху, акно са свечкай і перад ім табурэтка, дзе, згорбіўшыся, сядзіць бабулька-маці, якая аплаквае сваіх дзяцей і знаёмых, якіх адвялі на смерць фашысты. Помнік плануюць выканаць з кампазітных матэрыялаў. У арыгінале ён будзе складаць каля 2,7 м у вышыню і больш за 3 м у шырыню. Таксама Іван Казак працуе яшчэ над адной кампазіцыяй пад назвай "Дрэва жыцця", прысвечанай тэме генацыду беларускага народа.

На здымку: Іван Казак за работай над кампазіцыяй "Дрэва жыцця".

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі