Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
19 снежня 2016, 11:01
Міхаіл Русы

Ветслужба не павінна выконваць ролю эканамічнага прыгнятальніка

Міхаіл Русы

Пры ўзнікненні якіх-небудзь праблем з пастаўкамі прадуктаў харчавання паміж Беларуссю і Расіяй ветслужбы павінны аператыўна разбірацца ў сітуацыі і ўстараняць праблемныя пытанні. Аб гэтым у інтэрв'ю праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1" заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы, паведамляе БЕЛТА.

На думку віцэ-прэм'ера, "у любым палітычным, эканамічным аб'яднанні не павінна быць такога, каб адно ведамства або адзін чалавек прымаў бы рашэнні, якія да самага "верху" даходзяць, і ўсе думаюць, як гэта разруліць".

Міхаіл Русы падкрэсліў, што ветслужбы не павінны выконваць ролю эканамічнага прыгнятальніка, а ў выпадку ўзнікнення праблемных пытанняў, вырашаць іх. "Абедзве службы павінны сесці, разабрацца, у чым справа, калі ёсць на нейкім параметры пытанні - на нашым, на расійскім баку, а мы выяўляем не менш фактаў - навесці парадак", - лічыць віцэ-прэм'ер.

Пры гэтым Міхаіл Русы звярнуў увагу на тое, што і ў Беларусі да Рассельгаснагляду шмат пытанняў. "Я не ўтойваю, шмат пытанняў ёсць і ў нас", - сказаў ён.

Віцэ-прэм'ер, у прыватнасці, спыніўся на пытанні фальсіфікацыі беларускай харчовай прадукцыі на расійскім рынку. Паводле яго слоў, у Расіі падробліваюць беларускія сыры, масла, сухое малако. У якасці прыкладу ён прывёў магазіны Санкт-Пецярбурга. "Прыходзіць з расійскага прадпрыемства скрыня з адной маркіроўкай, напісана "спрэд", але ў скрыні фальгаваныя брускі без нічога, голыя. Яны трапляюць у магазін, вось маркіроўка - Бярозаўскі сыраробны камбінат. Падаецца абсалютная гадасць, - расказаў ён. - Узнікае некалькі пытанняў да Рассельгаснагляду. Першае: чаму з такой маркіроўкай тавар прыходзіць у магазін. Другое: чаму прадаўцы прымаюць тавар без нічога, ніхто не ведае, што там. Трэцяе пытанне: калі вызначылі, што гэта фальсіфікат, і яўна відаць, што гэта фальсіфікат, павінна быць неадкладная рэакцыя".

Міхаіл Русы падкрэсліў, што беларускі бок аператыўна паведамляе расійскім калегам аб такіх фактах. "Наша задача - змагацца з фальсіфікатам. Нам трэба сумесна праводзіць строгую палітыку. Мы не павінны травіць людзей, - сказаў ён.- На нашым баку за гэта прыцягваюць да строгай адказнасці, гэта крымінальна каральныя дзеянні".

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі