Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
25 кастрычніка 2018, 12:26
Уладзімір Улаховіч

Важны напрамак супрацоўніцтва Беларусі і Украіны - развіццё прамкааперацыі

Уладзімір Улаховіч
Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты

Перспектыўным напрамкам узаемадзеяння Беларусі і Украіны з'яўляецца развіццё прамысловай кааперацыі. Такое меркаванне ў гутарцы з журналістамі выказаў у Гомелі старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты (БелГПП) Уладзімір Улаховіч на пасяджэнні беларуска-ўкраінскага кансультатыўнага савета дзелавога супрацоўніцтва, якое з'яўляецца часткай праграмы I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Кансультатыўны савет - гэта пляцоўка, дзе бізнес абмяркоўвае самыя вострыя праблемы. З іншага боку, мы абмяркоўваем перспектыўныя праекты, новыя магчымасці, якія адкрываюцца для бакоў", - сказаў Уладзімір Улаховіч. Сярод найбольш важных тэм ён назваў развіццё прамысловай кааперацыі. "Неабходна шукаць магчымасці для стварэння сумесных новых вытворчасцей па розных тыпах, найбольш перспектыўная галіна - машынабудаванне. Думаю, будуць прапановы па дарожна-будаўнічай тэхніцы (на форуме. - Заўвага БЕЛТА), чакаем прапановы па станкабудаванні", - адзначыў старшыня БелГПП.

Таксама Уладзімір Улаховіч лічыць важным выкарыстоўваць патэнцыял дзвюх краін для агульных мэт. "Беларусь можа прапанаваць прасоўванне сумеснай прадукцыі на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. У рамках пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС мы бачым, што, магчыма, прадукцыя з нашай агульнай дабаўленай вартасцю можа трапляць у рамках тых квот, тых магчымасцей на рынак Еўрапейскага саюза", - сказаў ён.

Старшыня БелГПП падкрэсліў, што для бізнесу заўсёды вострай тэмай з'яўляюцца абмежаванні, бар'еры, якія, на жаль, існуюць. "Яны ўзнікаюць з-за таго, што мяняюцца заканадаўствы. Таму абмеркаванне тэхнічных рэгламентаў, стандартаў - гэта яшчэ адна важная тэма", - дадаў Уладзімір Улаховіч.

У ліку пытанняў, якія разглядаюць бакі на пасяджэнні, - распрацоўка праекта пагаднення паміж Кабінетам міністраў Украіны і ўрадам Беларусі аб зацвярджэнні Палажэння аб стварэнні і прымяненні электроннай сістэмы сертыфікацыі паходжання тавараў. Таксама абмяркоўваецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва і экспартны патэнцыял абласцей, перспектывы выкарыстання гандлёвых пляцовак для пашырэння ўзаемнага гандлю Беларусі і Украіны, узаемадзеянне дзелавых колаў, прадпрыемстваў у розных сферах і г.д.

Па выніках пасяджэння плануецца падпісанне дзелавых кантрактаў і пагадненняў. Таксама ўдзельнікі савета правядуць перагаворы ў фармаце бізнес-нэтворкінгу.

Беларуска-ўкраінскі кансультатыўны савет дзелавога супрацоўніцтва створаны ў 2010 годзе ў мэтах садзейнічання развіццю супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Украінай у гандлёва-эканамічнай сферы, пашырэнню кантактаў паміж прадстаўнікамі дзелавых колаў, нарошчванню тавараабароту паміж дзвюма краінамі.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі