Сцяг Панядзелак, 16 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
13 лістапада 2014, 19:37

Уладзімір Макей: Беларусь мае рэальныя дасягненні ў сферы абароны дзяцей

Беларусь мае рэальныя дасягненні ў сферы абароны дзяцей. Такое меркаванне выказаў міністр замежных спраў Уладзімір Макей на закрыцці міжнароднай канферэнцыі ЮНІСЕФ высокага ўзроўню для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і краін СНД "Умацаванне нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад нядбайнага, жорсткага абыходжання, эксплуатацыі і насілля", якая праходзіла ў Мінску 12-13 лістапада, перадае карэспандэнт БЕЛТА.


"Набыты ў Беларусі вопыт па процідзеянні насіллю ў адносінах да дзяцей, па фарміраванні асяроддзя, спрыяльнага для развіцця дзяцей, дае магчымасць зрабіць фундаментальную выснову аб тым, што залогам поспеху з'яўляецца стабільная эканамічная сітуацыя, павышэнне ўзроўню дабрабыту людзей, падтрымка інстытута сям'і, - сказаў Уладзімір Макей. - Упэўнены: пры рэалізацыі задач, якія стаяць перад блізкімі па вопыце развіцця краінамі, трэба адштурхоўвацца ад нашай рэчаіснасці і нашых магчымасцей, а не гнацца за наватарскімі нібыта цудадзейнымі рэцэптамі. Гэта не азначае, што мы не павінны дзяліцца вопытам, вывучаць нацыянальныя падыходы. Але трэба ўлічваць менталітэт, культуру, традыцыі, псіхалогію народаў". Ён выказаў удзячнасць ЮНІСЕФ за тое, што ў рамках канферэнцыі краіны рэгіёна атрымалі магчымасць абмяняцца сваім вопытам, напрацоўкамі і навацыямі, што будзе садзейнічаць укараненню іх у жыццё.


"Для нас відавочна адна ісціна: дзіця шчаслівае, засцярожана ад насілля ў здаровай, паўнацэннай сям'і. Калі сям'я паспяховая, дзіця будзе адчуваць сябе камфортна", - падкрэсліў Уладзімір Макей.


Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў, што ў канферэнцыі прынялі ўдзел афіцыйныя дэлегацыі з 21 краіны, эксперты з 30 дзяржаў. "Адказны падыход да абароны дзяцей у Беларусі, нашы рэальныя дасягненні ў гэтай сферы сталі галоўным аргументам для таго, каб канферэнцыя адбылася менавіта ў Мінску, - сказаў журналістам Уладзімір Макей. - На форуме адбыўся грунтоўны плённы абмен думкамі. Упэўнены, што эксперты пастараюцца выкарыстаць іх пры ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства для аптымізацыі палітыкі па абароне дзяцінства, стварэння асяроддзя, спрыяльнага для дастойнага выхавання падрастаючага пакалення". Паводле яго слоў, ЮНІСЕФ з'яўляецца ідэйным натхніцелем і галоўным арганізатарам барацьбы за абарону правоў дзяцей ва ўсім свеце.


У сваю чаргу дырэктар рэгіянальнага бюро Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД Мары-П'ер Пуар'е выказала ўдзячнасць ураду Беларусі за арганізацыю канферэнцыі. "Тут сабраліся лепшыя эксперты рэгіёна, каб абмеркаваць праблемы абароны дзяцей. Яны падзяліліся цікавым вопытам, прадстаўнікі розных краін абмеркавалі праблемы і цяжкасці, з якімі яны сутыкаюцца, і свае далейшыя дзеянні, - сказала яна. - Беларускія партнёры паставілі высокую планку ў частцы прэзентацый, экспертных меркаванняў. Гэта садзейнічала таму, што на працягу ўсёй канферэнцыі яе ўдзельнікі падзяліліся вельмі цікавымі ідэямі. Зразумела, іх нельга проста скапіраваць і ўкараніць, але яны могуць паслужыць у якасці мадэлі, якую можна ў далейшым адаптаваць пад свае нацыянальныя кантэксты і ўмовы".


Мары-П'ер Пуар'е запэўніла, што ЮНІСЕФ гатова аказаць дапамогу сваім партнёрам у Беларусі і прадоўжыць работу з іншымі краінамі рэгіёна.


Міжнародная канферэнцыя адбылася па ініцыятыве Беларусі, мерапрыемства такога ўзроўню па тэматыцы абароны дзяцінства праводзілася ў краіне ўпершыню. Удзельнікі канферэнцыі (больш за 150 чалавек) абмяняліся думкамі, вопытам і найлепшымі практыкамі ў сферы стварэння эфектыўных сістэм абароны дзяцінства, умацавання міжведамаснага ўзаемадзеяння ў гэтым пытанні, дзейнасці нацыянальных устаноў па пытаннях абароны правоў дзіцяці.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі