ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Пятніца, 4 снежня 2020
Мінск Суцэльная воблачнасць -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
27 кастрычніка 2020, 15:27
Аляксандр Шумілін

У Беларусі ствараюцца пляцоўкі для падтрымкі моладзі, у якой ёсць ідэі

Аляксандр Шумілін
Аляксандр Шумілін
Cтаршыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях

У Беларусі ствараюцца пляцоўкі для падтрымкі моладзі, у якой ёсць ідэі. Аб гэтым заявіў журналістам старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Аляксандр Шумілін. Ён прыняў удзел у адкрыцці IX Форуму ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Гэта ўжо дзявяты форум, і для нас вельмі важна супрацоўніцтва з замежнымі калегамі ў падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі, менавіта інжынераў тэхналагічнага профілю. У апошнія гады ў БНТУ была адкрыта спецыяльнасць "праектаванне і эксплуатацыя атамных электрычных станцый". Мы запускаем атамную станцыю і, зразумела, нам патрэбны адпаведныя спецыялісты. Беларусь актыўна развівае электратранспарт. У бягучым годзе ў БНТУ была адкрыта спецыяльнасць па праектаванні і эксплуатацыі электратранспарту. Трэці напрамак - гэта, вядома, медыцына і медыцынскае прыборабудаванне. Дзве спецыяльнасці адкрыты па гэтым напрамку", - расказаў Аляксандр Шумілін.

Паводле яго слоў, у Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інавацыйнага прадпрымальніцтва. "Традыцыйна з 2013 года ў час форуму праходзіць конкурс стартап-праектаў студэнтаў, і пераможцаў мы потым на ўзроўні дзяржавы падтрымліваем, рэалізуем сумесныя новыя праекты, - адзначыў старшыня ДКНТ. - Сёння ў Беларусі створана 17 тэхнапаркаў і адзін са старэйшых - "Палітэхнік". І такая вядомая кампанія, як "Рэгула" - адзін з першых рэзідэнтаў тэхнапарка. Сёння мы ствараем новыя пляцоўкі для таго, каб падтрымаць моладзь, калі ў яе ёсць ідэі. Мы пачынаем ад конкурсу, выдзяляем гранты і пасля ўжо ідзе рэалізацыя праектаў, бізнес-планаў у дзяржпраграме інавацыйнага развіцця".

За 100 гадоў БНТУ падрыхтаваў звыш 9 тыс. спецыялістаў для больш як 90 краін свету. "А гэта паказчык узроўню адукацыі ў Беларусі і на прасторы Саюзнай дзяржавы, - падкрэсліў Аляксандр Шумілін. - Інжынерная адукацыя - адна з самых складаных. Не можа быць інавацыйнага развіцця без падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў. А такія форумы - гэта магчымасць уключэння моладзі ў навуку. Вельмі многія сучасныя інавацыі зараджаюцца ў студэнтаў. Ну а мы павінны стварыць пляцоўку для таго, каб у перспектыве быў створаны адпаведны бізнес і вытворчасць".

IX Форум ВНУ інжынерна-тэхналагічнага профілю Саюзнай дзяржавы праходзіць з 26 па 30 кастрычніка. Мерапрыемства аб'яднала больш за 200 удзельнікаў з больш як 100 ВНУ Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы, Кітая, Рэспублікі Карэя, Латвіі, Туркменістана, Узбекістана, Казахстана і Азербайджана.

Форум - гэта чатыры секцыі - "Арктыка", "Развіццё інжынернай адукацыі ў Саюзнай дзяржаве", "Маладзёжнае інавацыйнае прадпрымальніцтва", "Стагоддзе БНТУ" - яны ўключаюць больш за 12 семінараў па розных напрамках развіцця навукі і тэхнікі. Ён праходзіць з 26 па 30 кастрычніка. Форум у бягучым годзе будзе праходзіць часткова ў анлайн-фармаце на платформе Microsoft Teams, дзе ў кожнай секцыі будзе асобная пляцоўка для абмеркаванняў, да якой зможа далучыцца любы жадаючы.

Арганізатарамі форуму традыцыйна выступаюць Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Ніжагародскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Аляксеева пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Беларусі, Міністэрства адукацыі і навукі Расіі.

Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі