Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
05 снежня 2017, 19:55
Аляксандр Румак

Стварэнне спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей - стратэгічная задача

Аляксандр Румак
Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей

Стварэнне спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей з'яўляецца для Беларусі стратэгічнай задачай, заявіў 5 снежня намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак у час нацыянальнага форуму "Сям'я XXI стагоддзя", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Здаровая і моцная сям'я - гэта аснова стабільнасці і працвітання любога грамадства. Адначасова сёння мы прызнаём, што за апошнія дзесяцігоддзі беларуская сям'я значна трансфармавалася", - адзначыў Аляксандр Румак. Змяненні ў структуры сем'яў, функцыях бацькоў, рэпрадуктыўных паводзінах сталі важным фактарам рэагавання сям'і як на сацыяльна-эканамічныя ўмовы жыцця, так і на працэсы змянення традыцыйных уяўленняў аб сям'і і сямейных каштоўнасцях, канстатаваў намеснік міністра.

"У сучасных умовах умацаванне інстытута сям'і, стварэнне спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей з'яўляецца для Рэспублікі Беларусь стратэгічнай задачай", - падкрэсліў ён. Дзяржаўная падтрымка сям'і заўсёды выступала ключавым напрамкам сацыяльнай палітыкі беларускай дзяржавы. Значнасць сямейнай палітыкі ў краіне ў тым, што яна аб'ядноўвае інтарэсы ўсіх відаў сем'яў і накіравана на фарміраванне спрыяльнага сацыякультурнага асяроддзя для іх развіцця і жыццядзейнасці, заўважыў Аляксандр Румак.

Паводле яго слоў, у краіне сфарміравана трывалая сістэма мер эканамічнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі, якая ўключае розныя віды дапамог, ільготы, гарантыі, прычым гэта сістэма "найбольш комплексная і эфектыўная на ўсёй постсавецкай прасторы". У яе ўваходзяць меры па падтрыманні даходаў сем'яў з дзецьмі, у тым ліку льготы і гарантыі ў сферы працы і падаткаабкладання, аказанне фінансавай дапамогі сем'ям пры будаўніцтве жылля, меры па развіцці сеткі ўстаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя і забеспячэнне шырокага доступу да іх сем'яў з дзецьмі. Кожная мера вырашае пэўныя задачы, паколькі яна ўплывае на розныя аспекты жыццядзейнасці сям'і.

"Ад гэтай работы ёсць добры рэзультат. У рэйтынгу краін, спрыяльных для мацярынства і нараджэння дзяцей, наша краіна займае 25-е месца сярод 179 краін свету і першае сярод краін СНД", - нагадаў Аляксандр Румак.

У сваю чаргу рэктар БДПУ Аляксандр Жук расказаў аб рэалізацыі сацыяльна-адукацыйнага праекта "Здаровая сям'я - здаровая нацыя". Ён адзначыў, што галоўная яго мэта - фарміраванне ў грамадстве сямейных каштоўнасцей, культуры дзіцяча-бацькоўскіх адносін, адказнасці за нараджэнне і выхаванне здаровых дзяцей. "Мы выступілі з ініцыятывай, і Міністэрства адукацыі падтрымала гэту ідэю, каб напярэдадні Дня маці ва ўсіх школах краіны правесці рэспубліканскі ўрок сямейнага жыцця "Здаровая сям'я - здаровая нацыя", - расказаў Аляксандр Жук. Ён перакананы, што правядзенне такіх урокаў ва ўстановах адукацыі стане новай традыцыяй, якая будзе садзейнічаць падрыхтоўцы навучэнцаў да сямейнага жыцця.

Арганізатарамі форуму выступаюць Беларускі саюз жанчын і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка. Суарганізатары - Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства аховы здароўя, ГА "БРСМ". Да ўдзелу ў форуме далучыліся больш за 400 чалавек.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі