
Пры галасаванні трэба абапірацца на дасягненні краіны. Аб гэтым сказала ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіёнка свету за электрацягай па водных лыжах, шматразовая чэмпіёнка Еўропы Ганна Стральцова.
Сёння на ўчастку для галасавання нумар 32 новапалачанка прыняла ўдзел у датэрміновым галасаванні. "У мяне мала свабоднага часу, тым не менш, лічу, што ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны, уплываць на яе будучыню - гэта абавязак кожнага грамадзяніна, таму я тут", - адзначыла спартсменка.
З праграмамі кандыдатаў дзяўчына азнаёмілася, але да выбару падыходзіла з практычнага пункту гледжання, з улікам свайго вопыту знаходжання ў іншых краінах, дзе бывае на зборах. "Абапіралася на тое, што бачу вакол: наша краіна незалежная, спакойная, прыгожая і, што вельмі важна, тут бяспечна, можна без страху выйсці на вуліцы і не перажываць за сваё здароўе і жыццё. Гэта плюсы, якія трэба цаніць, а мінусы пры жаданні ўсюды можна знайсці", - канстатавала Ганна Стральцова.
Асобную ўвагу новапалачанка засяродзіла на сферы сваёй прафесійнай дзейнасці. "Спорт у Беларусі знаходзіцца на дастойным узроўні падтрымкі. Таму і дасягненні ў спартсменаў ёсць. Хоць у мяне і не алімпійскі від спорту, але і тут дзяржава ўдзельнічае, дапамагае развівацца. Напрыклад, мая родная спартыўная школа нумар 3 імя М.Л. Генава лічыцца адной з лепшых у свеце. Гэта пацвярджаюць не толькі мае ўзнагароды, але і дасягненні іншых спартсменаў. У многіх іншых краінах, дзе развіваецца мой від спорту, такой падтрымкі, як у Беларусі, у вадналыжнікаў няма", - канстатавала Ганна Стральцова.
Воднымі лыжамі спартсменка прафесійна займаецца ўжо 18 гадоў. У жніўні 2019 года ёй пакарыўся чэмпіянат свету па водных лыжах, які прайшоў у Малайзіі. Там беларуска заваявала два сярэбраныя медалі: стала другой у скачках з трампліна, паказаўшы рэзультат 53,5 м, і ў агульным заліку (фігурнае катанне, скачкі з трамплінам, слалам). Цяпер у дзяўчыны ў разгары чарговы спартыўны сезон. "Праз тры тыдні ў Мінску будзе чэмпіянат Беларусі за электрацягай па водных лыжах, спадзяюся дастойна там выступіць", - дадала Ганна Стральцова.