Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
16 лютага 2015, 11:09

Павел Латушка: Мінскі саміт пазітыўна паўплывае на двухбаковыя адносіны Беларусі і Францыі

Мінскі саміт пазітыўна паўплывае на двухбаковыя адносіны Беларусі і Францыі. Такое меркаванне выказаў 15 лютага ў эфіры праграмы "Карціна свету" на канале "РТР-Беларусь" Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка, паведамляе БЕЛТА.


Паводле слоў дыпламата, Беларусь не ставіла мэту працаваць на імідж, выкарыстоўваючы падзеі ў жыцці суседняй Украіны. "Для нас было важна аказаць садзейнічанне, уключыцца ў працэс урэгулявання, які даў бы магчымасць устанавіць мір у гэтым рэгіёне. Безумоўна, у выніку гэта дасць і іміджавы эфект для Беларусі. Пра нас больш даведаюцца, даведаюцца як пра краіну, якая можа адыграць сур'ёзную ролю ў знешняй палітыцы", - лічыць пасол.


Візіт Прэзідэнта Францыі ў Беларусь хоць і быў у шматбаковым фармаце, але вельмі значны з пункту гледжання вырашэння сітуацыі, якая важна як для Францыі, так і для Беларусі, Украіны, Расіі і ўсяго рэгіёна, адзначыў Павел Латушка.


Дыпламат перадаў словы Прэзідэнта Францыі аб тым, што ён высока цэніць намаганні Прэзідэнта Беларусі і ролю краіны ва ўрэгуляванні адносін. І на мінскай сустрэчы Беларусь і Францыя былі разам з іншымі краінамі, каб знайсці выхад са складанай сітуацыі.


Адначасова ў дні мінскага саміту з 10 рэгіёнаў Францыі прыехалі амаль 60 прадпрымальнікаў для ўдзелу ў рабоце I Беларуска-французскага бізнес-форуму. Прайшло больш як 150-200 перагавораў з кампаніямі, сустрэчы ў дзяржаўных структурах. Пасол выказаў упэўненасць, што бізнес-форум дасць актывізацыю беларуска-французскім адносінам. "Хоць мінулы год не быў для нас дрэнным. Мы ўпершыню перасягнулі $100 млн у экспарце беларускай прадукцыі", - сказаў ён.


Павел Латушка адзначыў, што сёння ідзе работа па фарміраванні інструментарыю, які садзейнічаў бы развіццю эканамічных адносін. Гэта стварэнне сумеснай гандлёва-эканамічнай камісіі, першае пасяджэнне якой прайшло 13 лютага. Створаны грамадскі механізм, дзейнічае франка-беларускі дзелавы клуб. Актывізуюцца кантакты паміж гандлёва-прамысловымі палатамі, актыўна ідзе работа ў рэгіёнах краіны, створаны фінансавыя інструменты падтрымкі. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве ў эканоміцы. Думаем, як хутчэй падпісаць пагадненне аб абароне інвестыцый, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання.


Гаворачы аб тэмах кантактаў, Павел Латушка назваў супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, вядомы праект Peugeot Citroen, магчымасць стварэння вытворчасці па навясным абсталяванні сельскагаспадарчай тэхнікі ў Беларусі, супрацоўніцтва ў перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі.


Пасол назваў прыклады цяперашніх рэзультатыўных кантактаў. Адна з буйнейшых кампаній свету выходзіць на беларускі рынак - група Accor. Яна ўзводзіць дзве гасцініцы ў Мінску, а ў гэтым годзе плануе пачаць будаваць гасцініцы бізнес-класа пад брэндам Ibis у рэгіёнах - у Гродне, Брэсце і Бабруйску. Дасягнута дамоўленасць паміж "Белмедпрэпаратамі" і кампаніяй "Санафі" аб лакалізацыі вытворчасці лякарстваў на тэрыторыі Беларусі. Акрамя таго, ідуць перагаворы аб пастаўках беларускага хрустальнага шкла і гарэлкі.


Павел Латушка падзяліўся таксама праектамі ў сферы культуры. У прыватнасці, ён расказаў аб прапанове вядомага французскага прадзюсара ўдзельнічаць у кінапраекце, прысвечаным легендарнаму палку Нармандыя-Нёман. Ён дадаў, што ў мінулым годзе адбыліся  Дні культуры Беларусі ў Францыі. Падзея ахапіла 35 гарадоў краіны, адбылося 28 мерапрыемстваў, якія наведалі 150 тыс. французаў.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі