Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 чэрвеня 2020, 11:15
Кацярына Дулава

Падтрымка талентаў - адно з дасягненняў суверэннай Беларусі

Кацярына Дулава

Захаванне і развіццё ўсяго лепшага ў сістэме музычнай адукацыі, падтрымка маладых талентаў - дасягненні суверэннай Беларусі. Такім меркаваннем у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Кацярына Дулава.

"Калі гаварыць аб сістэме мастацкай адукацыі, у прыватнасці музычнай, то адна з самых значных нашых пераваг сёння ў тым, што гэта сістэма ў прынцыпе захавана. Нягледзячы на тое, што ўсе гэтыя гады пастаянна адбывалася сур'ёзнае, не заўсёды канструктыўнае ўмяшанне ў гэту сістэму з розных бакоў, у Беларусі, мне здаецца, яна выбудавана ў тым выглядзе, у якім яна максімальна мэтазгодна", - сказала Кацярына Дулава.

Паводле яе слоў, сістэма гэта перш за ўсё заключаецца ў раннім пачатку падрыхтоўкі прафесіяналаў і пераемнасці ступеней адукацыі. Першая сярод іх - гэта дзіцячыя музычныя школы і школы мастацтваў. Далей шлях зацікаўленых ляжыць у музычныя каледжы. "Думаю, тыя змяненні, якія ўносяцца цяпер у Кодэкс аб адукацыі, будуць падтрымліваць яшчэ больш і развіваць гэту сістэму", - адзначыла рэктар Акадэміі.

Установа, якую ўзначальвае Кацярына Дулава, - наступная ступень, вельмі важная. Акадэмія музыкі - ВНУ, якая, паводле слоў яе рэктара, фарміруе не столькі навыкі, колькі светапогляд у галіне мастацкай творчасці і музычнай адукацыі.

Кацярына Дулава падкрэсліла, што захаванне не азначае застой сістэмы: лепшы вопыт увесь гэты час пераасэнсоўваўся. "Не заўсёды кардынальныя змяненні дарэчныя і эфектыўныя. Часам здольнасць зберагчы нешта наадварот дапамагае развівацца", - растлумачыла яна. На яе думку, для музычнай сферы важна, што ў нас захавана пяцігадовая сістэма адукацыі, што вяртаецца такая гістарычная форма, як асістэнтура-стажыроўка, што ёсць магчымасць рыхтаваць кадры вышэйшай выканальніцкай кваліфікацыі.

Прадастаўленне першага рабочага месца, магчымасць праходзіць паўнацэнную практыку з паглыбленнем у прафесію - яшчэ адно звяно ў праграме падтрымкі маладых музыкантаў і артыстаў. Самыя таленавітыя могуць быць адразу заўважаны і трапіць у вялікія творчыя калектывы краіны. "Гэта вялікая заваёва, гэта дарагога каштуе. Толькі пазаўчора мастацкі савет Вялікага тэатра перачытваў балет "Пер Гюнт" у пастаноўцы нашага выпускніка - зусім маладога харэографа Сяргея Мікеля, вучня Валянціна Елізар'ева, уладальніка Гранд-прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі", - з гонарам прывяла прыклад рэктар Акадэміі.

Узнагароды спецыяльных фондаў Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі i па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў - вельмі каштоўныя. "Яны сведчаць аб тым, што створана сістэма пошуку, адбору і заахвочвання маладых талентаў: як вучоных, так і тых, хто займаецца рознымі відамі мастацтва, - лічыць Кацярына Дулава. - Гэта заслужаная ўзнагарода, але яшчэ і важна ступень у развіцці творчага лёсу. Як кіраўнік бачу ў гэтым сур'ёзны стымул для таленавітай і пры гэтым эмацыянальнай асобы, каб рухацца далей".

Загартоўка таленту адбываецца і праз удзел у розных конкурсах - ад лакальных да міжнародных. "Як у спорце, гэта пастаяннае выпрабаванне сябе, толькі на мастацкай ніве", - упэўнена субяседніца. Яна прызналася, што цяпер з нецярпеннем чакае правядзення чарговага Міжнароднага конкурсу піяністаў (ён пройдзе ў наступным годзе). І ў сувязі з гэтым адзначыла праграму, якая два гады рэалізуецца ў Беларусі і якую можна назваць унікальнай. Гэта набыццё і рамонт музычных інструментаў ва ўстановах культуры і адукацыі па ўсёй краіне. Для Акадэміі музыкі, у прыватнасці, набыты 10 раяляў, у тым ліку лепшыя - фірмы Steinway. Такія ж папоўнілі фонд Белдзяржфілармоніі, таму цяпер для правядзення Міжнароднага форуму піяністаў падрыхтавана дастойная база.

"Не магу не сказаць аб аднаўленні ў краіне вытворчасці піяніна. Гэта наогул нешта неверагоднае, што выклікае ў мяне асабліва цёплыя пачуцці. А вытворчасць новых цымбалаў - каму, як не беларусам, займацца гэтым! Для мяне ўсё гэта - вялікае дасягненне апошніх гадоў", - прызналася Кацярына Дулава.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі