Раблю выбар за сваю краіну, - такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны Ганна Маслюкова, якая ўпершыню ўдзельнічае ў выбарах.
Дзяўчына вучыцца на другім курсе эканамічнага факультэта па спецыяльнасці "эканамічная інфарматыка". Перад паходам на выбарчы ўчастак папярэдне прагледзела праграмы ўсіх кандыдатаў. "Раблю выбар, абапіраючыся на свае інтарэсы і інтарэсы краіны. Хачу зрабіць наша жыццё яшчэ больш камфортным. Мой выбар - за тую краіну, якой я яе бачу. Гэта развітая дзяржава, з'яднаны народ, якому забяспечана падтрымка на ўсіх узроўнях. Краіну, дзе ў першую чаргу клапоцяцца пра людзей, дзе можна камфортна жыць і развівацца", - расказала Ганна Маслюкова.
У дзяўчыны актыўная жыццёвая пазіцыя, яна знаходзіцца ў радах БРСМ і ўдзельнічае ў праектах маладзёжнага саюза. Пры гэтым паспявае займацца рознымі хобі. "З-за эпідэміялагічнай сітуацыі ўдзел у масавых мерапрыемствах давялося абмежаваць. Але гэта адкрыла больш магчымасцей для аднаго з маіх любімых захапленняў - пасткросінга. Знаёмства з людзьмі па ўсім свеце дае магчымасць даведвацца пра нешта новае і цаніць тое, што ў нас ёсць", - адзначыла студэнтка.
Больш за 14 тыс. маладых людзей Гомельскай вобласці ўпершыню прагаласуюць на выбарах Прэзідэнта Беларусі. Юных выбаршчыкаў ушаноўваюць у час акцыі БРСМ "Упершыню галасуюць". Маладым людзям уручаюць памятныя карысныя сувеніры: флэшкі, кнігі аб родным краі, блакноты і ручкі.