Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
14 верасня 2018, 17:06
Пётр Клімук

Міжнародны касмічны кангрэс-2018 у Мінску прайшоў на высокім узроўні

Пётр Клімук
Лётчык-касманаўт СССР, ураджэнец Беларусі

XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў у Мінску прайшоў на высокім узроўні. Аб гэтым заявіў 14 верасня журналістам лётчык-касманаўт СССР, ураджэнец Беларусі Пётр Клімук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да гэтага я пабываў на трох або чатырох кангрэсах. Лічу, што форум у Мінску атрымаўся адным з самых лепшых. У Беларусі ўсё было арганізавана на самым высокім узроўні, - сказаў Пётр Клімук. - Для мяне вялікім шчасцем было сустрэцца з іншымі касманаўтамі і аўстранаўтамі. Я шмат гадоў кіраваў Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў і ўсіх ведаю. Цікава было даведацца, як яны жывуць, чым цяпер займаюцца".

Лётчык-касманаўт Алег Навіцкі, таксама ўраджэнец Беларусі, адзначыў, што многія ўдзельнікі кангрэса пабывалі ў краіне ўпершыню. "Усім удзельнікам спадабаўся прыём, добрыя адносіны беларусаў, прастата, прыстойнасць, гасціннасць. Упэўнены, што яны раскажуць самае лепшае пра нашу краіну і паток жадаючых наведаць Беларусь павялічыцца", - дадаў ён.

XXXI Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў праходзіць у Мінску 9-15 верасня. У ім удзельнічаюць больш за 80 касманаўтаў з 17 краін. Тэма кангрэса - "Мы ствараем касмічную будучыню". У Цэнтральным батанічным садзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёння заклалі Алею касманаўтаў. Кожны касманаўт пасадзіў калонападобны ядловец, крона якога мае форму ракеты. Затым удзельнікі кангрэса наведаюць аэраклуб ДТСААФ, увечары адбудзецца цырымонія закрыцця кангрэса.

Асацыяцыя ўдзельнікаў касмічных палётаў - міжнародная некамерцыйная арганізацыя, якая была створана ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілатуемых касмічных палётаў. Міжнародны кангрэс АУКП штогод збірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў і нацыянальных касмічных агенцтваў.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі