Сцяг Панядзелак, 9 сакавіка 2026
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
22 мая 2014, 21:49

Міхаіл Кавалёў: У Беларусі неабходна стварыць попыт на прамысловыя інавацыі

У Беларусі неабходна стварыць попыт на прамысловыя інавацыі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў дэкан эканамічнага факультэта БДУ доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Міхаіл Кавалёў, які 22 мая ў Гродне прымаў удзел у міжнароднай эканамічнай канферэнцыі.


Гаворачы аб інавацыйным развіцці беларускіх прадпрыемстваў, Міхаіл Кавалёў адзначыў: "На жаль, нашы прадпрыемствы, асабліва дзяржаўныя, вельмі павольна ўкараняюць інавацыі. Мы скардзімся на невысокую навукаёмістасць беларускага ВУП, але ж трэба разумець, што затраты на навуку на сённяшні дзень - гэта практычна на 100 працэнтаў затраты дзяржавы. А рэальны сектар, бізнес вельмі мала расходуе сродкаў на ўласныя інавацыі. Кіраўнікі прадпрыемстваў лічаць за лепшае купляць імпартныя тэхналогіі няхай нават 5-10-гадовай даўнасці замест таго, каб лабіраваць айчынныя інавацыі".


Ён падкрэсліў, што, толькі калі беларуская эканоміка будзе арыентавана на ўласныя інавацыі, яна будзе паспяховай. "Не выключана, што нам, як у Кітаі, трэба прыняць нейкі нарматыў прымусу да інавацый, каб, скажам, палавіна інавацыйных галіновых фондаў, якія даволі значныя, расходавалася на замежныя інвестыцыі (закупку замежнага абсталявання, запазычванне тэхналогій), а другая - аддавалася на распрацоўку і развіццё ўласных інавацый, на навукова-даследчую работу беларускіх ВНУ", - сказаў Міхаіл Кавалёў. Прафесар прывёў прыклад Кітая, які доўгі час разіваўся шляхам запазычання чужых тэхналогій і патэнтаў. Як толькі там прынялі рашэнне аб тым, што кожная фірма павінна каля палавіны сваіх інавацыйных фондаў накіроўваць на ўласныя інавацыі, у краіне адразу з'явіліся грошы на развіццё навукі, вынаходствы, тэхналогіі. На думку эксперта, у Беларусі даволі развіты навуковы патэнцыял для інавацый, аднак пакуль ідэі, распрацоўкі, магчымасці вучоных задзейнічаны ў рэальным сектары эканомікі мала. "У Беларусі ёсць значны навуковы патэнцыял, і я хачу падкрэсліць, што калі будзе попыт, то будзе і прапанова. Калі няма попыту, то вучоныя працуюць фактычна на кніжную паліцу, пішуць кнігі, навуковыя справаздачы, якія потым, здараецца, купляюць тыя ж кітайцы. У Беларусі трэба стварыць попыт на інавацыі", - сказаў ён.


Міхаіл Кавалёў пракаменціраваў таксама тэндэнцыі развіцця сусветнай эканомікі і ролю рэгіянальных эканомік у працэсах глабалізацыі. "Сёння змяняецца эканамічная геаграфія свету, сусветнымі лідарамі акрамя ЗША становяцца Кітай, Індыя. Вельмі жорсткай становіцца канкурэнцыя. Месца і роля Еўрасаюза ў сусветнай эканоміцы будуць імкліва змяншацца, у той жа час роля і месца будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, паводле ўсіх прагнозаў, паступова будзе павялічвацца. І відавочна, што перад узросшай канкурэнцыяй азіяцкіх дзяржаў патрэбна інтэграцыя інтэграцый. Неабходна, каб ЕС і будучы Еўразійскі эканамічны саюз, еўрапейцы Усходняй і Заходняй Еўропы, змаглі стварыць сінергію ад Партугаліі да Уладзівастока, каб выстаяць у будучай канкурэнтнай барацьбе з Індыяй і Кітаем", - адзначыў ён.


Такая маштабная інтэграцыя, на думку прафесара, заўсёды пачынаецца з малых лакальных форм супрацоўніцтва. У гэтым сэнсе Гродна бачыцца ідэальнай пляцоўкай для таго, каб сустракаліся не толькі вучоныя, але і бізнесы краін Еўрапейскага і Еўразійскага саюзаў. Акрамя таго, вялікая роля ў працэсе інтэграцый эканомік належыць і акадэмічнай супольнасці. "Міжнародныя эканамічныя канферэнцыі даюць магчымасць убачыць глабальныя трэнды сусветнай эканомікі, месца і ролю рэгіёнаў, іх магчымасці і эканамічны патэнцыял. Так, сёння ў Гродна з'ехаліся вучоныя з Польшчы, Літвы і ў той жа час з краін будучага ЕАЭС. Разам мы зможам абмяркоўваць і фармуляваць ідэі далейшага эканамічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі двух саюзаў", - сказаў Міхаіл Кавалёў.


У Гродне пачала работу двухдзённая міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Праблемы сучаснай эканомікі: глабальны, нацыянальны і рэгіянальны кантэкст". У ёй прымаюць удзел больш як 150 вучоных з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Азербайджана.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі