Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
04 лютага 2020, 18:46
Аляксандра Ганчарова

Маладзёжны праваахоўны рух БРСМ выхоўвае сапраўдных патрыётаў

Аляксандра Ганчарова
Сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ

Удзел юнакоў і дзяўчат у руху Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку садзейнічае фарміраванню ў іх патрыятычнай свядомасці, жаданню і гатоўнасці абараняць сваю краіну. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказала сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандра Ганчарова.

Маладзёжнаму праваахоўнаму руху БРСМ 6 лютага спаўняецца 16 гадоў. "За гэты час школа МААП стала дзейсным механізмам грамадскага інстытута нацыянальнай бяспекі, дзейнасць якога накіравана на прадухіленне правапарушэнняў, прафілактыку шкодных прывычак, фарміраванне культуры здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі", - расказала Аляксандра Ганчарова.

Байцы МААП сумесна з супрацоўнікамі міліцыі рэгулярна выходзяць на дзяжурства па ахове правапарадку. На іх рахунку нямала затрыманняў правапарушальнікаў, раскрытыя злачынствы. Многія, прайшоўшы школу руху, атрымалі прафесійныя навыкі і паступілі ў профільныя ўстановы вышэйшай адукацыі, а таксама на службу ва Узброеныя Сілы, МУС, МНС, органы пагранічнай службы.

"Безумоўна, вельмі важна, каб усе байцы МААП былі прафесійна падрыхтаванымі, паколькі яны выконваюць важную місію, дапамагаючы праваахоўным органам захоўваць парадак і спакой у нашых гарадах і вёсках, - адзначыла каардынатар руху. - Дзякуючы партнёрскім адносінам з сілавымі ведамствамі ўдзельнікі МААП праходзяць на сістэмнай аснове спецыялізаванае навучанне з заняткамі па тэарэтычнай і практычнай, спецыяльнай тактычнай падрыхтоўцы, рукапашным баі. Для іх арганізуюць трэнінгі на камандаўтварэнне, заняткі па маральна-псіхалагічнай падрыхтоўцы, правілах паводзін у канфліктных сітуацыях пры выкананні задач".

Аляксандра Ганчарова падкрэсліла, што сёння, калі ідзе барацьба за каштоўнасныя арыенціры моладзі, важна глыбока ўсвядоміць значнасць самых простых паняццяў, такіх, як спакой, упэўненасць, абароненасць. "Да гэтага, асабліва ў год 75-годдзя Вялікай Перамогі, нас, маладых, абавязвае доўг перад прадзедамі і дзядамі, якія загінулі ў барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы. Лепшай памяццю аб іх стане захаванне міру і стабільнасці ў нашай дзяржаве. А гэта і ёсць місія МААП", - рэзюмавала яна.

Сёння стартаваў тыдзень Маладзёжных атрадаў аховы правапарадку. Па ўсёй краіне адбудзецца больш як 60 мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня МААП: прэзентацыі дзейнасці атрадаў, сустрэчы ў воінскіх і пагранічных часцях, МНС, РУУС, АМАП, спаборніцтвы па розных відах спорту і спартакіяды, ушаноўванні лепшых прадстаўнікоў руху з уручэннем спецыяльных нагрудных знакаў БРСМ "За адрозненне ў ахове правапарадку".

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі