Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 верасня 2018, 15:44
Андрэй Кароль

Лічбавая трансфармацыя зменіць змест, формы і метады адукацыі

Андрэй Кароль

Лічбавая трансфармацыя зменіць змест, формы і метады адукацыі. Такое меркаванне выказаў рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, прафесар Андрэй Кароль у час Міжнароднага дня інавацый у Ташкенце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Адказваючы на выклікі эпохі фарміравання і развіцця эканомікі ведаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт пачаў рэалізацыю шырокамаштабнай праграмы лічбавай трансфармацыі "Лічбавы ўніверсітэт", якая закранае ўсе бакі дзейнасці ВНУ, - расказаў кіраўнік ВНУ. - Гэта праграма ўключае ў сябе комплекс мерапрыемстваў, накіраваных як на мадэрнізацыю зместу, форм і метадаў навучання, так і на развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры БДУ".

Пры гэтым рэктар адзначыў, што лічбавы ўніверсітэт не трэба спрошчана разумець як ВНУ, у якой усе вучэбныя матэрыялы прадстаўлены ў лічбавых фарматах, у адукацыйным працэсе паўсюль выкарыстоўваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, а змест і формы адукацыйнага працэсу застаюцца нязменнымі з часу заснавання першых сярэдневяковых універсітэтаў.

"Лічбавая трансфармацыя ўніверсітэта адрозніваецца ад інфарматызацыі тым, што яна перш за ўсё павінна змяняць змест, формы і метады адукацыі. Менавіта гэта мы ставім у аснову, фармулюючы мэту стварэння лічбавага ўніверсітэта: выканаць заказ асобы і соцыуму на атрыманне якаснай адукацыі, запатрабаванай ва ўмовах развіцця эканомікі ведаў і лічбавых тэхналогій, - растлумачыў ён. - Для гэтага неабходна прытрымлівацца наступных прынцыпаў трансфармацыі адукацыйнага працэсу: чалавекаадпаведнасці - выяўлення, раскрыцця і рэалізацыі індывідуальнага патэнцыялу студэнта; сацыякультурнай адпаведнасці - задавальнення заказу соцыуму на падрыхтоўку спецыяліста, запатрабаванага на рынку працы ва ўмовах хутказменлівага свету. А таксама важным з'яўляецца аспект прадукцыйнасці - развіццё творчых магчымасцей чалавека, які стварае ў працэсе навучання ўласныя адукацыйныя прадукты і абмяркоўвае іх з іншымі навучэнцамі".

Сучасны вучань, студэнт не можа і не хоча быць "чыстым лістом", які напаўняецца ведамі. "У працэсе атрымання адукацыі яго неабходна выхаваць, абапіраючыся на індывідуальныя асаблівасці і даўшы яму магчымасць ствараць і параўноўваць свае адукацыйныя праекты з вынікамі, атрыманымі іншымі людзьмі. Такі падыход дае магчымасць падрыхтаваць выпускніка творчага, які ўмее задаваць пытанні, ставіць мэты, адстойваць сваю пазіцыю і не толькі арганізоўваць сваю прафесійную дзейнасць сёння - але і здольнага да самазмянення заўтра, - падкрэсліў Андрэй Кароль. - Сучасныя лічбавыя тэхналогіі - сродак, другасны адносна сэнсаў і мэт адукацыі. Гэтыя тэхналогіі эфектыўныя, калі прымяняюцца для напаўнення адукацыі новым зместам, выкарыстання новых форм і метадаў навучання, развіваючых творчы патэнцыял і крэатыўныя здольнасці вучня".

На думку прафесара, у кантэксце лічбавай трансфармацыі інфармацыйныя тэхналогіі атрымліваюць новае гучанне. Напрыклад, новы імпульс сёння атрымлівае дыстанцыйнае навучанне, якое адкрывае шырокія магчымасці для рэалізацыі такіх форм адукацыйнага працэсу, як змешанае, эўрыстычнае, "перавернутае", сацыяльнае навучанне.

У час праведзенага Міжнароднага дня інавацый, асноўным арганізатарам якога стаў Huawei сумесна з узбекскім бокам, сваім бачаннем перспектыў лічбавай трансфармацыі падзяліліся кіраўнікі гэтай кітайскай кампаніі, а таксама дзяржорганаў, вядучых ВНУ розных краін, эксперты. У час мерапрыемства прайшлі двухбаковыя сустрэчы. У прыватнасці, рэктар БДУ сустрэўся з кіраўніцтвам Huawei, таксама абмеркаваў перспектывы ўзаемадзеяння са сваімі ташкенцкімі калегамі.

У Міжнародным дні інавацый прынялі ўдзел больш за 200 чалавек з 13 краін, у ліку якіх былі і прадстаўнікі ТАА "Бел Хуавэй Тэхноладжыс".

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі