Кожны дэпутат павінен узяць на кантроль дамы-інтэрнаты для пажылых і інвалідаў у сваёй акрузе. Аб гэтым на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў заявіў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Для мінімізацыі распаўсюджвання інфекцыі ў сацыяльных установах для пажылых людзей і інвалідаў прыняты шэраг мер. Дамы-інтэрнаты пераведзены на поўную ізаляцыю, персанал працуе вахтавым метадам, праводзіцца штодзённы медкантроль, ёсць запас сродкаў індывідуальнай аховы і лякарстваў. Іх закупляюць у тым ліку намаганнямі парламентарыяў. "Гэту работу трэба прадаўжаць разам з органамі выканаўчай улады. Лічу, што кожны дэпутат павінен узяць на кантроль дамы-інтэрнаты, якія знаходзяцца ў яго выбарчай акрузе", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.
Ён заклікаў дэпутатаў маніторыць існуючую там сітуацыю, адсочваць, ці ёсць праблемы, да вырашэння якіх можна падключыць бізнес і грамадскасць.
Усяго ў краіне 153 розныя стацыянарныя ўстановы для пажылых і інвалідаў.