Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
03 чэрвеня 2020, 14:50
Віктар Чайчыц

Калегія адвакатаў заклікае не блытаць рэалізацыю законнага выбарчага права з несанкцыянаванымі акцыямі

Віктар Чайчыц

У Беларусі праходзіць прэзідэнцкая выбарчая кампанія, грамадзяне так ці інакш у яе ўключаны. Але не трэба блытаць рэалізацыю законнага выбарчага права з удзелам у несанкцыянаваных акцыях. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА) Віктар Чайчыц.

БРКА нагадвае, што грамадзяне ў любой сітуацыі абавязаны выконваць заканадаўства. "Парушаць яго, ганьбаваць гонар і годнасць дзяржавы ў цэлым і асобных службовых асоб, апраўдваючы сябе правакацыяй або недазволенымі метадамі як мінімум неразумна. Любыя канфлікты трэба вырашаць у прававым полі. Заканадаўства Беларусі валодае даволі шырокім інструментарыем для абароны правоў фізічных і юрыдычных асоб", - сказаў Віктар Чайчыц.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў інтэрнэце з'яўляецца інфармацыя ад асобных юрыстаў, што падштурхоўвае людзей учыняць правапарушэнні, а потым шукаць у іх дапамогі і абароны. "Гэта недапушчальна. Юрысты, як і адвакаты, павінны рабіць усё магчымае, каб прадухіліць учыненне неабдуманых учынкаў, паколькі прафесія юрыста, як і прафесія адваката, мае на мэце аказанне юрыдычнай дапамогі, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян", - падкрэсліў старшыня калегіі адвакатаў.

БРКА ад імя адвакацкай супольнасці Беларусі чарговы раз заклікае: перш, чым ажыццяўляць юрыдычна значныя дзеянні, варта звярнуцца да адваката за растлумачэннем магчымых негатыўных наступстваў. "Відавочна, што выпраўляць іх з дапамогай прававых інструментаў намнога складаней, чым прадухіліць", - дадаў Віктар Чайчыц.

Акрамя таго, ён зрабіў акцэнт на тым, што адвакатура - адзіны прававы інстытут, які мае права на прафесійнай аснове аказваць людзям кваліфікаваную юрыдычную дапамогу ў мэтах абароны іх правоў, свабод і інтарэсаў. "Іншымі словамі, толькі адвакат мае права кансультаваць фізічных асоб на прафесійнай аснове, і толькі ён нясе адказнасць за правільнасць прадастаўленай кансультацыі", - растлумачыў Віктар Чайчыц. Любы чалавек на сайце БРКА можа атрымаць юрыдычную кансультацыю адваката анлайн і бясплатна. Звярнуцца можна і ў любую юрыдычную кансультацыю, адвакацкае бюро, да любога адваката, які працуе індывідуальна.

Старшыня БРКА нагадаў, што ў свой час з дапамогай адвакатуры былі зняты многія непаразуменні, звязаныя з рэалізацыяй паправак у законы па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы. "Мы звярнуліся ў Мінабароны і прапанавалі пракансультаваць прызыўнікоў. У выніку ўдалося развеяць многія памылковыя меркаванні і, думаю, тым самым, утрымаць маладых людзей ад звароту ў сумніўныя фірмы, якія абяцаюць "адмазаць" ад арміі", - лічыць старшыня БРКА.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі