Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
26 жніўня 2020, 17:19
Ігар Петрышэнка

Дзень беларускага пісьменства вяртае нас да вытокаў роднай мовы і культуры

Ігар Петрышэнка
Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі

Дзень беларускага пісьменства вяртае жыхароў краіны да вытокаў роднай мовы і культуры. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся намеснік прэм'ер-міністра і кіраўнік аргкамітэта Ігар Петрышэнка ў час пасяджэння нацыянальнага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзень беларускага пісьменства вяртае нас да вытокаў роднай мовы і культуры. Наш зямляк Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Гэта наша гісторыя і спадчына, якімі мы ганарымся, - адзначыў Ігар Петрышэнка. - Дзень пісьменства дазваляе папулярызаваць беларускую мову сярод людзей. У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы і яны для нас раўнацэнныя".

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, на фестываль, які кожны год праходзіць у розных кутках краіны, з'язджаюцца пісьменнікі не толькі з Беларусі, але і бліжэйшых краін. "Гэта свята - цудоўная дыскусійная пляцоўка, дзе пісьменнікі і дзеячы культуры розных краін абменьваюцца вопытам, знаходзяць новыя і цікавыя шляхі далейшага развіцця. Беларускія пісьменнікі прадаўжаюць ствараць цікавыя творы, якія актуальны як для дарослых, так і для моладзі не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. З боку дзяржавы нашым творчым людзям аказваецца сур'ёзная падтрымка", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Магілёўская вобласць чацвёрты раз прымае рэспубліканскае свята. З 2019 года ў Бялынічах ідуць падрыхтоўчыя работы - за гэты час тут адрамантавалі плошчы і цэнтральныя вуліцы, прывялі ў парадак парк, нанова адбудавалі будынак раённага мастацкага музея імя Бялыніцкага-Бірулі. Як расказаў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка, цяпер работы ў горадзе падыходзяць да завяршэння.

"Асноўныя аб'екты практычна ўжо завершаны, - адзначыў старшыня райвыканкама. - Цяпер усё дашліфоўваем. Здорава, што ў нашай краіне да значных падзей па чарзе добраўпарадкоўваюць населеныя пункты і райцэнтры. І гэта добра відаць на прыкладзе Бялыніч. У горадзе амаль поўнасцю завяршылі капітальны і бягучы рамонт жылля, замянілі інжынерныя сеткі, зрабілі дарогі, добраўпарадкавалі двары і прылеглыя тэрыторыі. Нанова адбудавалі будынак музея - ад старога застаўся толькі падмурак. Наш кінатэатр стаў мультымедыйным цэнтрам - тут у людзей ёсць магчымасць не толькі паглядзець актуальныя фільмы, але і зайсці ў бібліятэку, выйсці ў інтэрнэт, атрымаць усю неабходную інфармацыю. А парк стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення для нашых жыхароў. Пасля завяршэння Дня пісьменства нам застанецца абноўлены і больш камфортны горад".

У час выязнога пасяджэння прадстаўнікі аргкамітэта азнаёміліся з гатоўнасцю горада да свята. Ігар Петрышэнка даў станоўчую ацэнку праведзеным работам. "Сёння мы ўбачылі, якую вялікую работу тут правялі. Я ўпэўнены, што Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах пройдзе на высокім арганізацыйным узроўні і будзе цікавы нашым гасцям, для якіх мы падрыхтавалі насычаную і разнастайную праграму".

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У бягучым годзе вялікі рэспубліканскі фестываль Бялынічы прымаюць 6 верасня.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі