Для станаўлення маладых сем'яў у сельскай мясцовасці створаны неабходныя ўмовы. Такім меркаваннем з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася настаўнік Тонежскага дзіцячага сада - базавай школы Кацярына Барысенка.
"Пасля заканчэння ўніверсітэта разам з мужам вызначаліся з месцам жыхарства і вырашылі ўладкавацца ў сельскай мясцовасці. Тут створаны неабходныя ўмовы для даволі камфортнага жыцця", - расказала Кацярына Барысенка. Спачатку жылі і працавалі ў Жыткавіцкім раёне, затым пераехалі ў Тонеж Лельчыцкага раёна.
Пры ўладкаванні на работу выбралі дзяржаўнае прадпрыемства. "Гэта ж стабільнасць, гарантаваныя льготы, падтрымка, зарплата ва ўстаноўлены дзень", - падкрэсліла настаўнік.
Кацярына Барысенка сумяшчае работу настаўніка пачатковых класаў і сакратара, яе муж працуе ў лясніцтве. У Тонежы маладой сям'і выдзелілі арэндны дом. Гаспадары добраўпарадкавалі сваё жыллё, набылі аўтамабіль і матацыкл.
У Кацярыны Барысенка актыўная жыццёвая пазіцыя: яна далучылася да раённага этапу міжнароднай бізнес-гульні "Фермер-пачатковец" (2020 год), у 2018-м перамагла на рэспубліканскім этапе фотаконкурсу "Сэлфі & фота з вышыванкай". Удзел у праектах БРСМ падтрымліваюць яе муж і шасцігадовы сын. Разам яны ўдзельнічалі ў раённым туры рэспубліканскага конкурсу "Уладар сяла".
Цяпер сямейная пара рыхтуе шасцігадовага Данілу ў школу. Ужо складзены пералік усяго неабходнага для будучага першакласніка. "Перавагу будзем аддаваць якасным айчынным таварам", - адзначыла маладая маці.
"Вельмі хацелася б, каб больш моладзі вярталася на сваю малую радзіму. Тут прадугледжана неабходная падтрымка для маладых сем'яў, адчуваецца стабільнасць", - рэзюмавала Кацярына Барысенка.