Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
17 красавіка 2019, 13:59
Ігар Карпенка

Беларуская сістэма адукацыі адкрывае шырокія магчымасці для сацыялізацыі моладзі

Ігар Карпенка

Беларуская сістэма адукацыі адкрывае шырокія магчымасці для сацыялізацыі моладзі, падрыхтоўкі маладых людзей да выхаду ў самастойнае жыццё. Такое меркаванне журналістам выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка пасля адкрыцця рэспубліканскай выстаўкі навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі ў Мінску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Ігар Карпенка адзначыў, што на выстаўцы прадстаўлены вопыт канкрэтных устаноў адукацыі ад дзіцячага сада да ВНУ. "Гэты вопыт цікавы кожнаму, таму што педагог як творчая асоба павінен улічваць тое, што адбываецца вакол яго, побач", - сказаў міністр. Ён дадаў, што настаўнікі павінны знаёміцца з пачынаннямі і цікавымі ідэямі, якія паспяхова рэалізуюць калегі. Выстаўку Ігар Карпенка назваў выдатнай пляцоўкай для прафесійных адносін. Тут пройдуць канферэнцыі, майстар-класы, круглыя сталы, прэзентацыі. Міністр звярнуў увагу, што на выстаўцы будзе прэзентаваны каталог музеяў устаноў адукацыі. У такіх падыходах да работы, на думку міністра, закладзены вялікі выхаваўчы патэнцыял, які фарміруе любоў і да сваёй установы адукацыі, і да сваёй малой радзімы.

Адкрываючы выстаўку, Ігар Карпенка падкрэсліў, што змест вучэбных праграм мае значны выхаваўчы рэсурс. Кіраўнік ведамства перакананы, што ў настаўніка-прадметніка, напрыклад, ёсць унікальная магчымасць выхоўваць навучэнцаў як праз змест вучэбнага прадмета, так і праз розныя формы выхаваўчай работы. "Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне сёння не адзінкавая акцыя, а пастаянная творчая дзейнасць з'яднаных калектываў прафесіяналаў-аднадумцаў, якія ўсведамляюць сваю адказнасць за будучыню новага пакалення Беларусі", - рэзюмаваў міністр.

XVIII Рэспубліканская выстаўка навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі прымеркавана да Года малой радзімы і накіравана на пошук новых рашэнняў у фарміраванні ў дзяцей і моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызму, павагі да сацыяльна-эканамічных і спартыўных дасягненняў, гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны рэгіёнаў. Гасцей чакаюць разнастайныя творчыя майстар-класы, прыстэндавыя прэзентацыі, віртуальныя экскурсіі, будуць працаваць прафарыентацыйныя і псіхалагічныя кансультацыйныя пункты. На адкрытай пляцоўцы перад будынкам выставачнага комплексу па праспекце Пераможцаў, 14 творчыя калектывы навучэнцаў з усёй краіны пакажуць свае дасягненні: плануюцца выступленні радыёкіруемых аўтамабіляў і самалётаў, майстар-класы па авіямадэліраванні, скандынаўскай хадзьбе, чырлідынгу, паказальныя выступленні спартсменаў.

Мерапрыемствы выстаўкі падзелены на тры тэматычныя дні: інавацый, рэгіянальных ініцыятыў, творчасці і спорту. У дзень інавацый 17 красавіка адбудуцца прэзентацыі рэгіянальных інавацыйных праектаў "Алея стартапаў", пройдзе рэспубліканскі конкурс "Традыцыйная беларуская лялька", навукова-практычныя канферэнцыі, будзе працаваць камунікатыўная пляцоўка "Інавацыі: ад ідэі да рэалізацыі". Акрамя таго, на цэнтральнай пляцоўцы выставачнага павільёна будзе дадзены старт рэспубліканскай акцыі "Я гэты край Радзімаю заву", адбудуцца прэзентацыі інтэрактыўных праграм і цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага конкурсу "Валанцёры Беларусі: наш уклад для малой радзімы".

Зала прэс-цэнтра 17 красавіка трансфармуецца ў бліц-панараму кластарных ініцыятыў "Мастацкая творчасць як аснова фарміравання каштоўнасных арыентацый навучэнцаў". На выставачных стэндах установы адукацыі прадставяць інавацыйныя матэрыялы.

У дзень рэгіянальных ініцыятыў 18 красавіка на цэнтральнай пляцоўцы комплексу стартуе сацыяльна-творчая эстафета па рэгіёнах Беларусі "Павіншуй ветэранаў - сваіх землякоў", пройдуць прэзентацыі інтэрактыўных праграм, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага конкурсу "Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, падарожнічаем па Беларусі", будуць падведзены вынікі сацыяльна-творчай акцыі "Аб подзвігу прапрадзедаў мы помнім". У канферэнц-зале разгорнецца работа метадычнай лабараторыі, на рэспубліканскіх семінарах будуць прадстаўлены дасягненні, праблемы і перспектывы выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі.

Дзень творчасці і спорту 19 красавіка сустрэне ўдзельнікаў выстаўкі творчымі выступленнямі, прысвечанымі Году малой радзімы і II Еўрапейскім гульням. Прадоўжацца прэзентацыі і інтэрактыўныя выстаўкі ўстаноў адукацыі. У гэты ж дзень адбудуцца цырымоніі ўзнагароджання і закрыцця выстаўкі.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі