Беларусі трэба актыўней пашыраць свой турыстычны патэнцыял. Такое меркаванне выказала на прэс-канферэнцыі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Беларусі Сангіта Бахадур, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле слоў дыпламата, індыйскія турысты вельмі шмат падарожнічаюць па свеце, і пра Беларусь з іх ведае толькі малая частка. "Цяпер добры час для турыстычных агенцтваў прадстаўляць большую рэкламу ў Індыі. Калі мае суайчыннікі больш даведаюцца пра вашу краіну, яны сюды прыедуць", - сказала Сангіта Бахадур.
Кіраўнік індыйскай дыпламатычнай місіі лічыць, што трэба даваць як мага больш інфармацыі аб перавагах Беларусі перад краінамі Заходняй Еўропы, напрыклад, з фінансавага пункту гледжання. На сваёй старонцы ў Facebook пасол імкнецца папулярызаваць Беларусь, але гэтага, вядома, недастаткова.
На прэс-канферэнцыі была закранута і тэма падаражання індыйскіх віз з $40 да $100. Сангіта Бахадур адзначыла, што гэта не асабліва паўплывала на колькасць тых, хто прыязджае ў Індыю. Першыя месяцы, магчыма, быў пэўны спад, але затым усё вярнулася на ранейшыя пазіцыі.
Дыпламат удакладніла, што пасольства Індыі штогод выдае 7-8 тыс. віз беларусам. Калі ўдасца адкрыць прамыя авіязносіны, то, безумоўна, гэта пасадзейнічае росту турыстычнага патоку з абодвух бакоў.