Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
11 снежня 2020, 14:29
Лілія Ананіч

Беларусь вылучаецца на постсавецкай прасторы асаблівым падыходам да захавання гістарычнай памяці

Лілія Ананіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, член прэзідыума Беларускага саюза жанчын

Беларусь вылучаецца на постсавецкай прасторы асаблівым падыходам да захавання гістарычнай памяці, заявіла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч падчас круглага стала "Патрыятычнае выхаванне як фактар процідзеяння нацызму і экстрэмізму" на базе Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Нацыянальны сход Беларусі на працягу ўсяго года ўдзяляе вялікую ўвагу тэме 75-годдзя Вялікай Перамогі. Але самае галоўнае - пільная ўвага захаванню гістарычнай памяці і патрыятычнага выхавання, у тым ліку і дэпутацкі погляд на гэту работу ў рэгіёнах. Менавіта мы, сённяшняе пакаленне, - гэта тыя, хто бачыў, сустракаўся, меў святую магчымасць размаўляць з ветэранамі Вялікай Перамогі, тыя, хто адчувае, што гісторыя Беларусі і яе шлях накладваюць адказнасць за зберажэнне гістарычнай памяці, - сказала Лілія Ананіч. - Наша краіна ў апошнія гады пабудавала мемарыялы, рэалізавала знакавыя праекты. У музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны - чарада, паток людзей, школьнікаў, замежных грамадзян. Таму што тут не проста экспанаты, тут - стаўленне беларускага народа да сваёй вялікай гісторыі".

Парламентарый адзначыла, што, на жаль, далёка не ва ўсіх сёння такое стаўленне да гістарычнага мінулага. "Я як дэпутат наведала шмат школьных музеяў. Выдатныя музеі. Але разам з тым я бачу, што ў іх работу трэба ўкараняць новыя тэхналогіі, лічбавізацыю. Таму што новыя пакаленні па-іншаму ўжо разглядаюць і пажоўклую газету, і гістарычныя здымкі. А самае галоўнае, што адыходзяць гэтыя самыя святыя для нас людзі - ветэраны", - расказала яна.

Паводле слоў Ліліі Ананіч, вельмі важна тое, што адбываецца ў інфармацыйнай прасторы. "Важна не толькі напярэдадні знакавых юбілейных дат распрацоўваць гэту тэму. Трэба, на мой погляд, ствараць адрасны патрыятычны кантэнт ва ўсіх асяроддзях. Няўжо мы не можам дастойна паказаць, якімі былі нашы бацькі і дзяды, што такое наш партызанскі рух. А давайце паглядзім на іншую тэму - турызм у Беларусі. Ці шмат вы назавяце патрыятычных маршрутаў? Таму сёння нельга самазаспакойвацца і гаварыць, што мы ўсё зрабілі ў гэтым напрамку", - заявіла яна.

Парламентарый упэўнена, што Беларусь вылучаецца на постсавецкай прасторы сваім падыходам да захавання гістарычнай памяці. "Але сёння трэба рабіць новыя крокі. І вялікая задача гэтага круглага стала - якраз намеціць тыя напрамкі, якія актуальны і ў заканадаўстве. Нават, напрыклад, у сістэме нацыянальнага кнігавыдання. Колькі выдаецца выдатных кніг, а ці даходзяць яны да чытача, ці ёсць яны ў публічных, школьных бібліятэках? У нас шмат таленавітай і творчай моладзі. Давайце шырэй будзем арганізоўваць конкурсы патрыятычных праектаў у выяўленчым мастацтве, песеннай творчасці, іншых сферах, каб гэта тэма гучала. Сёння грамадства інфармацыйна пераключылася ў інтэрнэт. Дык давайце і яго запаўняць так, як кажа наша сэрца, - берагчы гісторыю, нашу святую памяць і развіваць Беларусь, захоўваючы пераемнасць пакаленняў. Патрыятызм, грамадзянскасць і яднанне набываюць сёння як ніколі вельмі значны і важны сэнс для беларускай дзяржавы", - сказала Лілія Ананіч.

Круглы стол "Патрыятычнае выхаванне як фактар процідзеяння нацызму і экстрэмізму" арганізаваны Пастаяннай камісіяй па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў. У ім прымаюць удзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў, а таксама Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнага гістарычнага музея.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі