Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
17 красавіка 2020, 17:35
Алеся Чарнаглаз

Акрамя кваліфікаванай меддапамогі важны і настрой пацыента

Алеся Чарнаглаз
Урач-інфекцыяніст Гомельскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы

Акрамя кваліфікаванай медыцынскай дапамогі для паспяховага лячэння каранавіруснай інфекцыі важны і пазітыўны настрой самога пацыента, яго давер да лечачага ўрача. Такім меркаваннем у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА падзялілася ўрач-інфекцыяніст Гомельскай абласной інфекцыйнай клінічнай бальніцы Алеся Чарнаглаз.

На гэты час у інфекцыйнай бальніцы ўсе койка-месцы - а гэта больш за 220 - прадугледжаны для размяшчэння пацыентаў з COVID-19. Урач адзначыла, што ў асноўным людзі, якія паступаюць у бальніцу, давяраюць спецыялістам, строга выконваюць пратакол лячэння, рэкамендацыі. Субяседніца перасцерагла: самалячэннем у выпадку захворвання займацца катэгарычна нельга.

"У большасці нашых пацыентаў хвароба праходзіць у лёгкай форме - у выглядзе лёгкіх рынафарынгітаў, фарынгітаў, фарынгатрахеітаў. Гэта можа доўжыцца ад некалькіх дзён да двух тыдняў. Адна з распаўсюджаных скаргаў - пяршэнне ў горле. Тэмпература пры гэтым трымаецца на адзнацы ад 37,2 да 37,5 градуса", - растлумачыла Алеся Чарнаглаз.

Паводле яе слоў, да сярэднецяжкіх і цяжкіх форм, якія працякаюць у выглядзе бранхітаў, бронхапнеўманій, пнеўманій, часцей за ўсё двухбаковых, у асноўным схільныя людзі пажылога і састарэлага ўзросту. "Часта працэс спалучаецца з фонавымі хранічнымі захворваннямі. Перш за ўсё гэта сардэчна-сасудзістыя паталогіі, анкалагічныя, эндакрыналагічныя (цукровы дыябет), а таксама атлусценне", - сказала спецыяліст.

Урач падкрэсліла, што ўстанова ў поўным аб'ёме забяспечана неабходнымі медыкаментознымі сродкамі, матэрыяльна-тэхнічнай базай, дэзынфектантамі. Усе меры прымаюцца і для бяспекі медыцынскіх работнікаў. "Каб засцерагчы медперсанал ад верагоднага заражэння, у нас строга выконваецца санітарны эпідэміялагічны рэжым. Ва ўсіх аддзяленнях ёсць падзел на так званыя брудныя і чыстыя зоны. Выконваюцца патрабаванні правільнага выкарыстання сродкаў аховы - процічумных касцюмаў, масак, рэспіратараў, пальчатак, ачкоў. Ахоўныя сродкі ў нас у дастатковай колькасці, і ўсе яны добрай якасці", - звярнула ўвагу ўрач. Пад строгім кантролем таксама абеззаражанне і ўтылізацыя сродкаў аховы пасля выкарыстання.

Спецыяліст падкрэсліла, што ў існуючых эпідэміялагічных умовах важна самадысцыпліна кожнага. "Выходзячы з дома, чалавек павінен паклапаціцца аб наяўнасці маскі, а то і дзвюх-трох, каб мяняць кожныя дзве гадзіны. У магазінах, банках і іншых людных месцах трэба не забываць і пра пальчаткі", - нагадала Алеся Чарнаглаз. Пры гэтым спецыяліст настойліва рэкамендуе пажылым, людзям састарэлага ўзросту па магчымасці быць дома, мінімізаваць кантакты. "У бягучым годзе, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю, я параіла б устрымацца ад наведвання храмаў нават у такое важнае для вернікаў свята - Вялікдзень. Выключыць варта і сямейныя паходы ў госці. Гэта час, калі мы павінны думаць і аб асабістай бяспецы і бяспецы людзей вакол нас", - сказала субяседніца.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі