Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
19 лістапада 2018, 11:48
Уладзімір Краўцоў

Аграрыі паказалі дастойны вынік, нягледзячы на капрызы надвор'я

Уладзімір Краўцоў
Cтаршыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта

Аграрыі Гродзенскай вобласці з гонарам вытрымалі няпросты экзамен, які прыгатавала ім прырода. Такое меркаванне 17 лістапада ў час адкрыцця абласных "Дажынак" выказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Іўе стала сталіцай абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі". Па традыцыі ў гэты дзень падводзяць вынікі работы сельскагаспадарчай галіны рэгіёна і ўзнагароджваюць пераможцаў сельгасспаборніцтваў.

"Аграрны сектар - найважнейшая галіна эканомікі Гродзеншчыны, тут працуе кожны трэці заняты ў эканоміцы жыхар вобласці. Сельская гаспадарка фарміруе каля 15 працэнтаў валавога рэгіянальнага прадукту, а калі лічыць разам з перапрацоўкай, то ўклад гэтай галіны ў ВРП вобласці перасягне 40 працэнтаў", - сказаў Уладзімір Краўцоў. Ён падкрэсліў, што год для сельскай гаспадаркі выдаўся няпростым, перш за ўсё з-за капрызаў надвор'я.

Паказаць дастойны вынік аграрыям Гродзенскай вобласці ўдалося дзякуючы разумнаму і аператыўнаму рэагаванню на зменлівыя ўмовы. Праблемы, адзначыў губернатар, падштурхоўваюць да пошуку рашэнняў, укаранення інавацыйных і эфектыўных тэхналогій. Хапае ў рэгіёне і дасведчаных кадраў, здольных забяспечыць вынік.

У 2018 годзе ў Гродзенскай вобласці сабрана звыш 1,1 млн т збожжа, зернебабовых і кукурузы, звыш 1,7 млн т цукровых буракоў (36 працэнтаў агульнай колькасці ў краіне) пры ўраджайнасці 516 ц/га, сярэдняя ўраджайнасць бульбы перасягнула 270 ц/га. Пэўны задзел на будучыню зроблены і ў нарыхтоўцы кармоў.

"Гэта дасць магчымасць спакойна правесці зіму, захаваць пагалоўе жывёлы, выканаць планы па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. А гэта ў сваю чаргу - гарантаванне харчовай бяспекі рэгіёна і краіны, развіццё экспарту, тым больш што сур'ёзна пашырана геаграфія продажаў, актыўна асвойваецца кітайскі рынак", - дадаў Уладзімір Краўцоў.

У час абласных "Дажынак" у Іўі пра патэнцыял раёна-гаспадара расказвала спецыяльная выстаўка. Усе рэгіёны вобласці разгарнулі падворкі, на якіх дэманстравалі свае асноўныя асаблівасці, запрашалі гасцей на рэгіянальныя яркія святы.

У Іўі ўпершыню прагучаў гімн "Дажынак". Аўтар вершаў ураджэнец Іўеўскага раёна Іван Карэнда. Сімвалам свята стаў кош "Багач" вышынёй каля 3 м, напоўнены збожжам новага ўраджаю з усіх раёнаў вобласці. Прайшоў і традыцыйны конкурс на лепшы каравай з мукі новага ўраджаю.

Цэнтр горада ператварыўся ў вялікую святочную пляцоўку са сцэнамі, гандлёвымі і рамеснымі радамі, тэматычнымі пляцоўкамі, культурнымі, спартыўнымі і забаўляльнымі зонамі. Святочныя гулянні прайшлі да самага вечара.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі