Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Меркаванні
29 лістапада 2019, 14:21
Андрэй Кунцэвіч

Адказнасць перад грамадствам адрознівае журналіста ад іншых суб'ектаў стварэння інфармацыі

Андрэй Кунцэвіч

Адказнасць перад грамадствам - гэта галоўнае, што адрознівае журналістам ад любога іншага суб'екта стварэння інфармацыі. Такое меркаванне выказаў на адкрыцці VII Форуму маладых журналістаў "Развіццё айчыннай журналістыкі на сучасным этапе і яе адказнасць перад грамадствам" намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Пры імклівым змяненні фарматаў галоўная задача і функцыя сапраўднай журналістыкі застаюцца нязменнымі. Як і 10, 50 і 100 гадоў таму, журналіст павінен помніць пра сваю галоўную місію - пошук ісціны і служэнне грамадству, у якім ён жыве", - сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Пры гэтым намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуў увагу на той факт, што маладым людзям, якія з'яўляюцца прадстаўнікамі сучаснай журналістыкі Беларусі, даводзіцца вырашаць найважнейшыя задачы, прычым дзяржаўнага парадку. "У сучасных умовах паняцце інфармацыйнай бяспекі звязана непасрэдна з пытаннямі бяспекі нацыянальнай. А ў рыторыцы экспертаў медыясферы ўсё часцей выкарыстоўваецца такое паняцце, як абарона інфармацыйнага суверэнітэту краіны. Прэзідэнт Беларусі, размаўляючы неяк з айчыннымі журналістамі, вельмі ёміста сказаў, што журналістыка - прафесія дзяржаўная", - адзначыў Андрэй Кунцэвіч.

Паводле яго слоў, медыя не толькі фарміруюць наша ўяўленне пра рэальнасць, але і фактычна мадэлююць саму рэальнасць, сцэнарый і дынаміку падзей нацыянальнага і міжнароднага ўзроню. "Інфармацыйная прастора дынамічна мяняецца на нашых вачах: яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было ўявіць, што YouTube стане сур'ёзным канкурэнтам вялікага тэлебачання, а блог і каналы мэсэнджараў будуць адчувальна ўплываць на парадак дня навін рэгіёнаў і цэлых краін. Такія трансфармацыі спараджаюць няпростыя пытанні: як процістаяць лавінам фэйкавых навін і сумніўных крыніц, якое месца прафесійнага журналіста ў сучасным грамадстве, дзе кожны, у каго ёсць смартфон, можа генерыраваць медыйны кантэнт і аказваць уплыў на аўдыторыю. Адказваць на гэтыя пытанні ў першую чаргу вам - маладым прафесіяналам, сённяшнім журналістам і заўтрашнім кіраўнікам СМІ", - звярнуўся да ўдзельнікаў форуму прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Для журналістаў важна заставацца на вастрыі грамадскай праблематыкі - гэта неабходна і з прафесійнага, і з сацыяльнага пункту гледжання. СМІ павінны быць актыўным медыятарам паміж органамі дзяржаўнай улады і грамадствам. "Гэта асабліва значна для рэгіянальнай прэсы, бо вы, як ніхто іншы, адчуваеце нерв жыцця на месцах. Трэба не баяцца гаварыць з людзьмі, слухаць і чуць іх спадзяванні і пажаданні, прадастаўляць пляцоўку СМІ для выказвання іх думак. Дзяржаўная інфармацыйная палітыка - гэта не замоўчванне праблем, а іх вырашэнне ў канструктыўным дыялогу з людзьмі", - заўважыў Андрэй Кунцэвіч.

На працягу некалькіх гадоў беларускія СМІ пераглядаюць свае творчыя падыходы і бізнес-мадэлі з улікам новай медыйнай рэальнасці. Маладыя журналісты таксама павінны быць у тэме сённяшніх трансфармацый. "Можна бясконца доўга скардзіцца на тое, што ў мінулае адыходзяць такія жанры, як фельетон, або на тое, што блогеры прыцягваюць на сябе чытача, якога рэдакцыя напрацоўвала гадамі. Але калі сучасная аўдыторыя хоча глядзець відэа, чытаць мультымедыйныя гісторыі, узаемадзейнічаць у Instagram, СМІ павінны навучыцца працаваць і ў гэтых фарматах - і рабіць гэта эфектыўна", - сказаў на заканчэнне намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі