Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
29 снежня 2011, 17:04

 ЖЫЦЬ ПА ЗАКОНАХ СЯМ’І

Сямейнае заканадаўства павінна папярэджваць змены інстытута сям’і - А.Морава

З часам змяняецца грамадства, паралельна з ім змяняюцца функцыі сям’і, але сама яна як грамадскі інстытут захоўваецца. Сфера сямейных адносін развіваецца ў тым ліку і пад дыктоўку эканамічных і палітычных рэалій, а значыць, пастаянна патрабуецца ўдасканальваць заканадаўства. Дзесьці яно апярэджвае развіццё сітуацыі, дзесьці не паспявае за ёй, але ўжо само існаванне заканатворчага працэсу - сінонім прагрэсу. Аб тым, якія ўсходы чакаюцца на беларускім заканадаўчым полі сямейных адносін, якія дэмаграфічныя перспектывы ў краіне і магчымасці змянення курсу сямейнай палітыкі, карэспандэнт БЕЛТА размаўляе са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю Антанінай МОРАВАЙ.

- Антаніна Пятроўна, за знешняй разгаданасцю сямейнай тэматыкі - велізарны пласт новых адкрыццяў…


- Ваша праўда. Узяць хаця б рэгістрацыю шлюбу. Напрыклад, неабходнасць дзяржаўнай рэгістрацыі шлюбу замацавана ў заканадаўствах Бельгіі, Германіі, Галандыі, Кітая, Расіі, Францыі, Японіі і іншых краінах. У Вялікабрытаніі, Даніі, Іспаніі, Канадзе, некаторых штатах ЗША законным прызнаецца шлюб, заключаны або дзяржорганам, або канфесіяй тых, хто бярэ шлюб. Адзіна магчымая рэлігійная форма шлюбу ўстаноўлена ў Ізраілі, Іраку, Іране, некаторых штатах ЗША, асобных правінцыях Канады. У Беларусі, як і ў многіх развітых краінах, старт шлюбным адносінам дае штамп загса ў пашпарце. І, папярэджваючы ваша пытанне аб павышэнні статусу вянчання, выкажу сваё меркаванне наконт гэтага.

Інстытут сям’і сфарміраваўся яшчэ да ўзнікнення хрысціянства. Царква пачала афіцыйна займацца афармленнем сямейных адносін у ХІХ стагоддзі, а пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі рэгістрацыя шлюбаў стала прэрагатывай дзяржавы. У перспектыве, мяркую, рэлігійныя абрады вянчання (Беларусь - краіна многіх канфесій, і абрады гэтыя шматлікія) будуць распаўсюджвацца ўсё шырэй, паколькі ваяўнічы атэізм страчвае свае пазіцыі, а разам з гэтым расце давер да царкоўных інстытутаў.

У Беларусі ўжо робяць крокі, няхай не кардынальныя, па трансфарміраванню традыцыйнай працэдуры рэгістрацыі шлюбу. Так, у законе "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і" ўлічаны шматлікія звароты грамадзян аб магчымасці рэгістрацыі шлюбу за межамі памяшкання органа загса. Скарачаецца і тэрмін рэгістрацыі шлюбу - да трох дзён з дня звароту. Прычым да заканчэння трохдзённага тэрміну шлюб можа быць заключаны ў выпадках, абумоўленых цяжарнасцю, існаваннем агульнага дзіцяці ці пры іншых асаблівых абставінах.

- Заканадаўства, напрыклад, Італіі, Швейцарыі ўтрымлівае прававы інстытут заручын (заручыны - абяцанне браць шлюб, дадзенае мужчынам або жанчынай у форме афіцыйнага дакумента. - Заўвага БЕЛТА). А ці ёсць перспектывы ў заручын у Беларусі?

- Заручыны - пацвярджэнне сур’ёзнасці шлюбных намераў мужчыны і жанчыны. Беспадстаўны разрыў па віне жаніха або нявесты накладае абавязак пакрыць пацярпеламу боку страты. Гэта з аднаго боку. А з другога - заручыны засцерагаюць ад маральнай непрыстойнасці (іх публічнае абвяшчэнне дае магчымасць тым, хто ведае аб перашкодах для будучага шлюбу, заявіць аб гэтым). Напрыклад, у нас нярэдка бывае так, што толькі пасля вяселля жанчына даведваецца, што ў яе выбранніка была цяжарная сяброўка ці ёсць пазашлюбныя дзеці…

Заручыны - своеасаблівы момант ісціны для закаханых людзей. Яны заяўляюць аб намеры ўзяць шлюб з чыстым сэрцам і без "абцяжваючых" абставін.

На мой погляд, і афіцыйныя заручыны, і рэлігійныя абяцанні шлюбу ўмацоўваюць шлюб і служаць яго даўгавечнасці.

- У законе, пра які вы згадалі, нямала навацый, у тым ліку што датычыцца шлюбнага дагавора.

- Усяго законам карэкціруецца 121 артыкул Кодэкса аб шлюбе і сям’і. У прыватнасці, у новай рэдакцыі выкладзены артыкул "Шлюбны дагавор".

Практыка заключэння шлюбных дагавораў у Беларусі з кожным годам атрымлівае ўсё большае распаўсюджванне. Грамадства паступова прыходзіць да асэнсавання таго, што цывілізаванае азначэнне маёмасных і немаёмасных адносін мужа і жонкі спрыяе стабільнасці шлюбу. Так, у 2009 годзе ў рэспубліцы зафіксавана 2,4 тыс. шлюбных дагавораў, у 2010-м - 2,8 тыс.

Законам выразна вызначаны ўмовы, якія могуць змяшчацца ў шлюбным дагаворы, вызначаны момант і ўмовы іх змянення або скасавання. Прадугледжваецца, што прадметам дагавора можа з’яўляцца толькі агульная сумесная маёмасць мужа і жонкі - як ужо набытае, так і набытае імі ў будучым. Важна, што ў дагаворы могуць быць урэгуляваны ўзаемаадносіны паміж мужам і жонкай, паміж бацькамі і дзецьмі.

- Ці не здаецца вам, што тормазам для пашырэння папулярнасці шлюбных дагавораў з’яўляецца тое, што іх можна заключаць толькі мужу і жонцы або былым мужу і жонцы?

- У многіх краінах заключэнне шлюбных дагавораў папярэджвае афіцыйны шлюб. Магчыма, і ў Беларусі да гэтага прыйдуць з часам. Зразумейце, пытанне гэта няпростае, тут шмат нюансаў (у прыватнасці, размова ідзе аб тым, каб перашкодзіць росту колькасці фіктыўных шлюбаў).

- На вашу думку, чаму так шмат разводаў у нашай краіне?

- Гэта характэрна не толькі для Беларусі. За апошнія 15 гадоў у кожнай другой краіне ЕС доля разводаў дасягнула 40-50 працэнтаў. Удзельная вага няпоўных сем’яў (з адным з бацькоў) павялічылася ў 1,5-2 разы ў большасці еўрапейскіх краін.

Праблема разводаў шматаспектная. Аб гэтым шмат гавораць і пішуць. Я дадала б наступнае: разводы адбываюцца ў тым ліку і таму, што сямейныя пары ствараюць людзі з розных сацыяльных слаёў, з рознымі сямейнымі традыцыямі і жыццёвымі ўстаноўкамі. І гэты бар’ер для іх аказваецца непераадольным.

- Хацелася б удакладніць пазіцыі новага закона "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і" наконт інстытута ўсынаўлення.

- Зыходзячы з сусветнай практыкі, прапанавана ўстанавіць максімальную розніцу ва ўзросце паміж усынавіцелем і дзіцем, якое ўсынаўляецца, у 45 гадоў (у дзеючай рэдакцыі - не менш за 16 гадоў). Без устанаўлення максімальнай розніцы ва ўзросце пры ўсынаўленні дзіцяці людзьмі больш старэйшага ўзросту ёсць верагоднасць узнікнення пэўнага дысбалансу. Пры гэтым робіцца выключэнне пры ўсынаўленні дзіцяці айчымам ці мачыхай, а таксама па іншых прычынах, якія суд прызнае ўважлівымі.

З 2008 года працэс нацыянальнага ўсынаўлення стабілізаваўся: штогод беларускія сем’і ўсынаўляюць каля 600 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Грамадзяне Беларусі штогод прымаюць у свае сем’і на выхаванне каля 4,5 тыс. дзяцей-сірот дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У прыёмных сем’ях выхоўваецца больш за 6,9 тыс. дзяцей. За кошт будаўніцтва па прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі" дамоў для сем’яў, прымаючых на выхаванне больш за пяць дзяцей-сірот, колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу за пяць гадоў павялічылася ўтрая. І гэта работа прадаўжаецца.

У той жа час, нягледзячы на зніжэнне колькасці сацыяльных сірот, на працягу 2008-2010 гадоў не ўдаецца зменшыць колькасць ізноў выяўленых дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Штогод органы апекі і папячыцельства выяўляюць і ўладкоўваюць на выхаванне каля 4 тыс. дзяцей, якія пазбавіліся апекі бацькоў. Расце колькасць дзяцей, бацькі якіх памерлі, прызнаны недзеяздольнымі, абмежавана дзеяздольнымі, не могуць выконваць бацькоўскія абавязкі па стану здароўя.

Выхаванцамі інтэрнатных устаноў застаюцца каля 27 працэнтаў дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Працэс уладкавання іх жыцця ўскладняецца прыцяглым выхаваннем у закрытым калектыве, ва ўмовах, якія перашкаджаюць натуральнаму працэсу сацыялізацыі, засваенню норм і ўкладу сямейнага жыцця, сацыяльных і бытавых ведаў і навыкаў. Выхаванне ў адрыве ад сям'і, ва ўмовах, якія не з’яўляюцца натуральнымі для паспяховага ўваходжання ў самастойнае жыццё, не садзейнічаюць у далейшым стварэнню імі шчаслівых сем’яў. А гэта прыводзіць да небяспекі пашырэння сацыяльнага сіроцтва.

- Наколькі мне вядома, спецыялісты б’юць трывогу наконт уладкавання жыцця дзяцей-сірот ва ўзросце да трох гадоў…

- У адпаведнасці з Дэкрэтам нумар 18 дзяцей з няўдалых сем’яў уладкоўваюць у сацыяльныя прытулкі, установы аховы здароўя. На працягу паўгода ідзе работа з гора-бацькамі. І калі яны становяцца на шлях выпраўлення, дзяцей вяртаюць у біялагічную сям’ю. На перыяд інстытуцыяналізацыі дзяцей, малодшых за тры гады, не лепшым чынам адбіваецца на іх развіцці. Гэта, дарэчы, не толькі наша праблема, яна характэрна для многіх краін былога Савецкага Саюза.

Любыя інстытуцыянальныя формы ўладкавання жыцця дзяцей, як паказала даследаванне ЮНІСЕФ, не лепшым чынам уплываюць на іх. Малышы адстаюць у развіцці, псіхалагічна надламаныя. Такім дзеткам пастаянна кажуць: "мама хутка прыйдзе", а яе ўсё няма і няма…

На жаль, у Беларусі інстытут замяшвальных бацькоў яшчэ не сфарміраваны ў поўнай меры, мы толькі ідзем у гэтым напрамку.

Лічу, што варта развіваць якасныя і ўстойлівыя альтэрнатывы інстытуцыянальнаму ўладкаванню дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, у тым ліку малышоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. За апошнія гады адкрылася нямала сацыяльных прытулкаў, яны добра абсталяваны, укамплектаваны штатам спецыялістаў - сацыёлагаў, псіхолагаў, юрыстаў і інш.

Думаю, у перспектыве трэба прадугледзець магчымасць перапрафілявання дамоў дзіцяці і сацыяльных прытулкаў ва ўстановы аховы здароўя, якія аказваюць паліятыўны догляд дзяцей з цяжкімі захворваннямі, якія маюць патрэбу ў кругласутачнай медыцынскай дапамозе. Пры гэтым кадравы і тэхнічны патэнцыял будзе выкарыстаны для развіцця новых паслуг.

- Антаніна Пятроўна, інстытуты ўпаўнаважанага па правах дзіцяці дзейнічаюць на нацыянальным і рэгіянальных узроўнях больш чым у 30 краінах свету. Напрыклад, у Расіі дзіцячыя ўпаўнаважаныя ёсць у 68 рэгіёнах, а таксама на федэральным узроўні. Якая ваша думка након мэтазгоднасці рэалізацыі гэтай ідэі ў Беларусі?

- Першае спецыяльнае ведамства ўпаўнаважанага па правах дзіцяці з’явілася ў Нарвегіі ў 1981 годзе. Пасада ці ведамства ўпаўнаважанага па правах дзіцяці (омбудсмена) традыцыйна вызначаецца як заканадаўча зацверджаны незалежны орган, створаны для адстойвання правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Кожная краіна вызначае сваю, найбольш прымальную мадэль інстытута ўпаўнаважанага па правах дзіцяці.

У Беларусі пытанне ўвядзення ўпаўнаважанага па правах дзіцяці абмяркоўваецца ўжо на працягу некалькіх гадоў. Многія эксперты, прадстаўнікі профільных міністэрстваў, парламентарыі схіляюцца да таго, каб пачаць распрацоўку адпаведнага законапраекта.

Я лічу, што такі інстытут мэтазгодна стварыць у нашай краіне. Гэта не толькі ўзмоцніць абарону правоў дзяцей, але і стане яшчэ адным доказам прыхільнасці Беларусі міжнародным нормам у гэтай сферы. Можна пачаць з пілотнага праекта ў адной з абласцей рэспублікі.

Дарэчы, Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі гатова аказаць падтрымку дзейнасці інстытута ўпаўнаважанага па правах дзіцяці ў нашай краіне - ад выпрацоўкі мадэлі ствараемага інстытута да ўтрымання офіса ўпаўнаважанага.

Нагадаю, у Беларусі створана Нацыянальная камісія па правах дзіцяці.

- Прыняты ў другім чытанні на асенняй сесіі законапраект аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях (ДРТ) змяшчае палажэнне аб сурагатным мацярынстве. Супраць яго замацавання на заканадаўчым узроўні выступалі прадстаўнікі шэрагу канфесій. А якая ваша думка?

- Не думаю, што сурагатнае мацярынства атрымае шырокае распаўсюджванне ў Беларусі. Ментальнасць не тая… За ўсе папярэднія гады было толькі 12 выпадкаў. Але гэта не азначае, што дадзенае пытанне не трэба было заканадаўча рэгуляваць.

Падкрэслю: сурагатнае мацярынства павінна зыходзіць з медыцынскіх паказанняў (выкарыстаць ДРТ можа толькі жанчына, для якой выношванне і нараджэнне дзіцяці фізіялагічна немагчыма або звязана з рызыкай для жыцця, здароўя яе або дзіцяці). Я не прымаю так званых сацыяльных прычын, калі жанчына не хоча выношваць дзіця з-за боязі сапсаваць фігуру ці з-за нежадання перарываць кар’еру на перыяд цяжарнасці і доагляду наванароджанага.

Закон устанаўлівае прававыя межы для генетычных бацькоў і сурагатнай маці. Пагадзіцеся, жыццё не стаіць на месцы і трэба, у тым ліку заканадаўча, працаваць на апярэджванне. Успомніце, яшчэ дзесяцігоддзе таму ЭКА фактычна было падвергнута астракізму ў грамадскай свядомасці, а цяпер адносіны да яго карэнным чынам змяніліся. Можа, і да сурагатнага мацярынства адносіны зменяцца?!

- Не толькі палажэнне аб сурагатным мацярынстве, але і некаторыя іншыя палажэнні закона аб ДРТ выклікалі неадназначныя, часам негатыўныя адносіны з боку асобных катэгорый грамадзян і рэлігійных арганізацый.

- Пастараюся выказаць сваё меркаванне па некаторых пытаннях, якія найбольш абмяркоўваюцца.

Па-першае, згодна з законам, ДРТ з’яўляюцца метадам аказання медыцынскай дапамогі, гэта значыць могуць прымяняцца толькі ў адносінах да людзей, якія маюць праблемы з рэпрадуктыўным здароўем.

Па-другое, прадугледжаны жорскія абмежаванні на выкарыстанне палавых клетак і асабліва эмбрыёнаў у навуковых даследаваннях. Незапатрабаваныя ў выніку прымянення ДРТ эмбрыёны могуць быць выкарыстаны толькі для ўдасканалення такіх тэхналогій. Пры гэтым тэрмін развіцця эмбрыёна не павінен перавышаць 14 дзён, калі ў яго пачынаюць фарміравацца зачаткі нервовай тканкі і з’яўляецца здольнасць рэагаваць на знешнія ўздзеянні. Менавіта пасля гэтага тэрміну эмбрыён можа разглядацца як індывідум і павінен знаходзіцца пад абаронай закону.

Па-трэцяе, сапраўды, пры ананімным донарстве тэарэтычна магчыма аб'яднанне ў пару мужа і жонкі нашчадкаў аднаго донара, што можа выклікаць неспрыяльныя генетычныя наступствы для іх дзяцей. Каб выключыць верагоднасць блізкароднасных шлюбаў, уведзены абмежаванні на выкарыстанне палавых клетак аднаго донара не больш чым за 20 спроб апладнення. Прадугледжана таксама ўвядзенне адзінага рэгістра донараў палавых клетак.

Па-чацвёртае, упершыню на заканадаўчым узроўні ўсталявана забарона на выбар полу будучага дзіцяці пры прымяненні ДРТ.

Сур’ёзныя абмежаванні ўсталяваны законам і ў адносінах да людзей, якія выкарыстоўваюць метад ЭКА ці якія жадаюць стаць донарамі. У прыватнасці, узрост пацыентак пры прымяненні ЭКА абмежаваны 50 гадамі. Абмежавана таксама колькасць эмбрыёнаў, якіх падсаджваюць жанчыне: пацыенткам да 35 гадоў - не больш за два эмбрыёны, а тым, хто старэйшы і ўжо мае мінімум тры няўдалыя спробы ЭКА, - не больш за тры.

Маё глыбокае перакананне: нягледзячы на медыцынскія, юрыдычныя і маральныя складанасці прымянення дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, рэалізацыя норм закона дасць рэальны шанс атрымаць шчасце мацярынства і бацькоўства людзям, якія пазбаўлены гэтай магчымасці.

І наогул, трэба зыходзіць з таго, якую задачу мы ставім: калі павелічэнне нараджальнасці, то трэба выкарыстоўваць у гэтых мэтах усе рэсурсы і магчымасці, у тым ліку і сучаснай медыцыны.

- А якія, на ваш погляд, перспектывы нараджальнасці ў Беларусі ў посткрызісны перыяд?

- Зыходзячы з дэмаграфічных трэндаў (скарачаецца колькасць і доля жанчын фертыльнага ўзросту), можна было б прагназаваць зніжэнне нараджальнасці. Але прымаемыя стымулюючыя меры дадуць магчымасць пазбегнуць рэзкага зніжэння і захаваць цяперашні ўзровень нараджальнасці.

Апошнія гады дзяржава накіроўвае ўсе намаганні на стымуляванне нараджальнасці другога дзіцяці (бо без другога дзіцяці трэцяга не бывае). Рэалізацыя гэтага вектара дзяржаўнай сямейнай палітыкі своечасовая і эфектыўная: сумарны каэфіцыент нараджальнасці павысіўся ў Беларусі амаль да 1,5 (для простага ўзнаўлення пакаленняў гэты паказчык павінен складаць 2,15).

Практычна ва ўсіх краінах СНД, а таксама ў Аўстрыі, Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Японіі значэнне гэтага каэфіцыента знаходзіцца ў межах 1,2-1,4. Высокі сумарны каэфіцыент нараджальнасці дэманструюць Францыя і ЗША (1,99 і 2,09 адпаведна). Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады гэты паказчык прадугледжваецца на ўзроўні 1,55-1,65.

- Адно з пытанняў, зададзеных на апошняй прэс-канферэнцыі кіраўніку дзяржавы, датычылася магчымасці прывязак дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў да сярэдняй зарплаты бацькоў. Ці ёсць перспектыва ў гэтай прапановы?

- Хачу адзначыць, што прывязка памеру дзіцячай дапамогі да бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) і павышэнне яго да 100 працэнтаў БПМ па праву лічылася сацыяльным дасягненнем. Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады запланавана змяненне парадку разліку дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў: памер дзяржаўнай дзіцячай дапамогі на першае дзіця - да 35 працэнтаў сярэднямесячнай заработнай платы па рэспубліцы, на другое і наступных дзяцей - да 40 працэнтаў.

З часам, мяркую, і ў Беларусі будзе ажыццёўлена прывязка гэтага віду дзіцячай дапамогі да сярэдняй зарплаты аднаго з бацькоў, зыходзячы з эканамічных магчымасцей дзяржавы. Такая і еўрапейская практыка. Напрыклад, у Швецыі памер дапамогі дасягае 80 працэнтаў заработнай платы маці.

Нагадаю, Нацыянальнай праграмай дэмаграфічнай бяспекі прадугледжана таксама павелічэнне памеру дзяржаўнай дапамогі па догляду дзіцяці-інваліда з 65 працэнтаў да 100 працэнтаў БПМ. Гэта норма будзе ўведзена ўжо ў 2012 годзе.

Алена ПРУС
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі