Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
13 снежня 2011, 16:38

ЗБРОЯ Ў ЗАКОНЕ

Папраўкі ў заканадаўства аб зброі павінны павысіць бяспеку і ліквідаваць дыскрымінацыйныя моманты

Не так даўно Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні праект закона Беларусі "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароту зброі і ажыццяўлення ахоўнай дзейнасці". Адно з прапанаваных новаўвядзенняў - гэта больш ліберальны падыход да тых уладальнікаў зброі, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні. Пазбаўляць права на нашэнне і набыццё зброі плануецца толькі за пэўныя адміністрацыйныя правапарушэнні. Супраць гэтага палажэння асаблівых пярэчанняў ні ў кога няма. Аднак што датычыцца іншых момантаў, то з імі ў беларускім парламенце згодны далёка не ўсе. Магчыма, папраўкі ў другім чытанні будуць прыняты ў крыху іншым выглядзе. Аб гэтым законапраекце карэспандэнт БЕЛТА пагутарыў з дэпутатам Алегам Катом, які ўваходзіць у Пастаянную камісію па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

- Якія перавагі прапанаваныя папраўкі ў заканадаўства аб зброі даюць аматарам палявання?

- Змяненні і дапаўненні, якія прыняты ў першым чытанні, скарачаюць спіс прычын, па якіх чалавеку могуць забараніць нашэнне зброi або набыццё зброі і боепрыпасаў. Я маю на ўвазе пералік адміністрацыйных правапарушэнняў. Цяпер можна пазбавіцца права мець зброю, калі на ўладальніка складзены два пратаколы, напрыклад, за курэнне або купанне ў непрызначаным для гэтага месцы, за парушэнне парадку дэкларавання даходаў і маёмасці і гэтак далей. Гэта значыць, за парушэнні, якія непасрэдна са зброяй не звязаны. Калі ж закон будзе прыняты менавіта ў тым выглядзе, які прапануецца цяпер, то набываць зброю будзе нельга, калі чалавек наўмысна нанёс цялесныя пашкоджанні або ўчыніў дробнае хуліганства. Зразумела, у пералік парушэнняў уваходзіць і стральба з агнястрэльнай зброі ў населеным пункце або ў месцы, якое не прызначана для стральбы. Тое ж самае з п'янствам: папаўся на распіцці алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва ці з'явіўся ў грамадскім месцы або на рабоце ў стане алкагольнага ап'янення, сеў за руль у такім выглядзе - тады ніякай зброі. Яшчэ мець зброю не зможа той, хто парушыў правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання.

Але важна ўлічыць, што забарона на набыццё зброі звязана не толькі з адміністрацыйнымі правапарушэннямі. У законапраекце сказана, што нельга купляць зброю і таму, хто мае адпаведныя захворванні і фізічныя недахопы. Акрамя таго, забарона датычыцца людзей, якія адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi або пазбаўлення волі за злачынствы, учыненыя па неасцярожнасці.

- Атрымліваецца, што егер, які па неасцярожнасці наехаў на пешахода, які ішоў па абочыне, ужо не зможа займацца сваім рамяством?

- Цяпер у такім выпадку, калі вадзіцель вінаваты ў ДТЗ, дазвол на нашэнне і захоўванне зброі анулюецца, але праз пяць гадоў можна зноў звярнуцца ў органы ўнутраных спраў. Законапраект прадугледжвае скарачэнне гэтага тэрміну да трох гадоў. Дарэчы, цяпер такі тэрмін устаноўлены для юрыдычных асоб. Але пытанне з тэрмінамі мы будзем яшчэ дэталёва абмяркоўваць. Паколькі таго ж егера, калі ён па неасцярожнасці збіў пешахода, могуць вызваліць умоўна-датэрмінова, пагасіць судзімасць. Калі чалавек сапраўды сваімі паводзінамі гэта заслужыў, то судзімасць знімуць і раней, чым праз тры гады. Атрымліваецца, судзімасці ўжо няма, а забарона на зброю пакуль засталася. Егер жа, як правіла, не проста работа, а прызванне...

- Якія патрабаванні выстаўляюцца па захоўванню службовай зброі егераў?

- Ім прапануецца захоўваць зброю ў спецыяльным службовым памяшканні. Аднак яно можа знаходзіцца, скажам, за 20 кіламетраў ад яго дома. А калі ноччу дзесьці гаспадарнічаюць браканьеры? Атрымліваецца, трэба спачатку з'ездзіць за стрэльбай. Але парушальнікі, зразумела, чакаць не будуць. Або іншая сітуацыя: у вёсцы з'явіўся, напрыклад, шалёны ліс. Людзі звернуцца да егера па дапамогу. І што: ліс будзе чакаць, пакуль ён вернецца са зброяй? Участковыя міліцыянеры тут наўрад ці дапамогуць, паколькі ў іх наразная зброя. Да таго ж пісталет, а не стрэльба. Паспрабуйце з яго папасці ў ліса. Не так ужо гэта і проста... Таму ў гэтым плане трэба яшчэ абмяркоўваць палажэнні законапраекта.

- Ці сапраўды прапануецца ўзмацніць адказнасць за згубу зброі?

- Шэраг дэпутатаў настойваюць на тым, каб узмацніць адказнасць за гэта. У 2011 годзе згублена 56 адзінак грамадзянскай зброі - менавіта па віне ўладальнікаў. Ніякай адказнасці за гэта няма. Ёсць крымінальная адказнасць за згубу службовай зброі... Але ж 56 адзінак хопіць, каб узброіць два ўзводы. І вы паглядзіце, якія прычыны называюць уладальнікі: адны гавораць, што стрэльба патанула ў рацэ, іншыя - згубіў да або пасля палявання. Цікава, дзе і як чалавек паставіў стрэльбу ў апошнім выпадку? Далей яшчэ цікавей: некаторыя тлумачаць, што згубілі зброю пры зборы грыбоў. Дык што гэтыя людзі па грыбы са стрэльбай ходзяць? Таму трэба ўзмацніць адказнасць за згубу, каб уладальнікі сур'ёзней ставіліся да захаванасці зброі. Гэта ж не жарты.

- Для чаго ў праекце закона змешчана норма, якая дазваляе асобам, звольненым з праваахоўных органаў за парушэнне дысцыпліны, працаваць у ваенізаванай ахове?

- Спачатку ўдакладнім фармулёўку. Прапануецца зняць забарону на работу ў ваенізаванай ахове былым супрацоўнікам судовых, падатковых і мытных органаў, а таксама пракуратуры, былым ваеннаслужачым або экс-супрацоўнікам ваенізаваных арганізацый. Мы прапануем зрабіць інакш - устанавіць забарону на работу ў ваенізаванай ахове тым, у каго ануляваны дазвол на захоўванне і нашэнне зброі.

Спрашчаюцца ў праекце закона і патрабаванні да работнікаў аховы арганізацый, якія не маюць права ствараць менавіта ваенізаваную ахову. Напрыклад, прапануецца выключыць патрабаванне, па якім ахоўнікі абавязкова павінны быць грамадзянамі Беларусі.

- Іншаземцам дазволяць атрымліваць права на набыццё і захоўванне грамадзянскай зброі?

- Праектам закона прадугледжана прадастаўленне замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, права на набыццё грамадзянскай зброі і валоданне ёю.

Папраўкі змяшчаюць і іншыя ахоўныя нормы. Напрыклад, у мэтах забеспячэння грамадскай бяспекі, папярэджання правапарушэнняў у сферы абароту зброі праектам закона забараняецца абарот на тэрыторыі Беларусі ў якасці службовай і грамадзянскай зброі агнястрэльнай зброі траўматычнага дзеяння і патронаў траўматычнага дзеяння, агнястрэльнай даўгаствольнай зброі з наразным ствалом калібру больш як 9,3 мм, які мае мацаванне для штыкоў (штык-нажоў), а таксама нашэнне і перавозка ў межах населеных пунктаў пнеўматычнай зброі ў незачахлёным выглядзе, выкарыстанне такой зброі ў межах населеных пунктаў па-за стралковымі цірамі, стрэльбішчамі, стралкова-паляўнічымі стэндамі.

Сутнасць паправак заключаецца ў павышэнні ўзроўню бяспекі нашага грамадства і адначасова ў ліквідацыі дыскрымінацыйных момантаў.

Васіль МАЛАШЭНКАЎ
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі