Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Інтэрв'ю
28 лютага 2012, 16:07

  ЗА ЗДАРОВЫ ІМІДЖ... ЗДРАЎНІЦ

Беларускія санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі з кожным годам набываюць усё большую папулярнасць і ў нашых суграмадзян, і ў гасцей з-за мяжы. Як вынік, жадаючым адпачыць і падлячыцца даводзіцца клапаціцца аб пуцёўцы загадзя. Фарміраванню іміджу санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый садзейнічае актыўнае развіццё і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы з прыцягненнем сур'ёзных інвестыцый, пашырэнне спектра і паляпшэнне якасці паслуг з выкарыстаннем прыродных лячэбных фактараў Беларусі. У выніку галіна паступова становіцца брэндавай для краіны. Аб дасягненнях і планах у гэтай сферы ў інтэрв'ю карэспандэнту БЕЛТА расказаў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва пры Савеце Міністраў Мікалай Мазур.

- Мікалай Уладзіміравіч, старт мадэрнізацыі санаторна-курортнай галіны быў дадзены ўказам ад 28 жніўня 2006 года нумар 542 "Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва". Фактычна ў 2007 годзе пачаўся пераход на рыначныя адносіны. Ці не прывяло гэта да змяншэння аб'ёмаў аздараўлення?

- Упарадкаванне льгот па санаторна-курортнаму лячэнню насельніцтва дало магчымасць больш рацыянальна выкарыстоўваць грошы, якія выдзяляюцца на гэтыя мэты са сродкаў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Ільготы сталі распаўсюджвацца на катэгорыі грамадзян, якія сапраўды маюць у гэтым патрэбу па стану здароўя. Быў уведзены дыферэнцаваны памер платы за пуцёўку (ён вызначаецца суадносінамі памеру грашовага даходу атрымальніка пуцёўкі і налічанай сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў рэспублікі).

Што датычыцца аб'ёмаў аздараўлення, то аб іх змяншэнні нават размовы не ідзе. Наадварот, гэтыя паказчыкі маюць устойлівую пазітыўную дынаміку. Мяркуйце самі: колькасць грамадзян, якія прайшлі санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне, у 2007 годзе была 1070,8 тыс., у 2008-м - 1309 тыс., у 2009-м - 1308,8 тыс., у 2010-м - 1327 тыс., а ў 2011 годзе - ужо 1346,3 тыс. чалавек.

Умацоўваецца рыначны кампанент дзейнасці здраўніц: з кожным годам расце колькасць пуцёвак, набытых за кошт сродкаў юрыдычных і фізічных асоб, - з 171,7 тыс. у 2007 годзе да 520,9 тыс. у 2011-м.

- Ці не адбіваецца гэта негатыўна на магчымасцях аздараўлення льготных катэгорый насельніцтва?

- Цэнтр правёў два адкрытыя конкурсы па закупцы паслуг па санаторна-курортнаму лячэнню і аздараўленню насельніцтва. Так, у цэлым за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага суботніка ў 2011 годзе пуцёўкамі забяспечаны 825,4 тыс. чалавек (на гэтыя мэты зрасходавана Br343,4 млрд.), з іх 753,8 тыс. дзяцей (Br268,6 млрд.).

У нашай краіне аздараўленне дзяцей было і застаецца ў ліку прыярытэтаў. Амаль 80 працэнтаў выдзеленых фінансавых сродкаў накіравана на дзіцячыя пуцёўкі.

Асаблівая ўвага традыцыйна ўдзяляецца аздараўленню дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС. У Беларусі забяспечаны 100-працэнтны ахоп санаторна-курортным лячэннем юных жыхароў забруджаных радыенуклідамі тэрыторый, якія маюць патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні. У мінулым годзе змаглі адпачыць і паправіць здароўе 99,4 тыс. дзяцей, якія пражываюць на забруджаных радыенуклідамі тэрыторыях, - 100,2 працэнта да плана. Фінансаванне на гэтыя мэты дасягнула Br150,9 млрд.

Акрамя таго, у мінулым годзе было забяспечана санаторна-курортным лячэннем амаль 2 тыс. ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны за кошт рэспубліканскага бюджэту і сродкаў Саюзнай дзяржавы.

- Важнейшая задача цэнтра - арганізацыя летняга аздараўлення дзяцей. Якія вынікі мінулагодняй аздараўленчай кампаніі?

- Пры каардынуючай дзейнасці цэнтра шляхам цеснага міжведамаснага ўзаемадзеяння ў час летняй аздараўленчай кампаніі арганізавана бяспечнае знаходжанне дзяцей у лагерах.

Ахоп аздараўленнем дзяцей у лагерах усіх тыпаў на летніх канікулах штогод павялічваецца. Гэты паказчык у мінулым годзе склаў 37,1 працэнта ад агульнай колькасці дзяцей ад 6 да 18 гадоў (для параўнання: у 2010-м было 36,9 працэнта, у 2009-м - 36,3 працэнта). З выкарыстаннем сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і рэспубліканскага бюджэту пуцёўкамі ў перыяд летняй аздараўленчай кампаніі забяспечана 418,9 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак, з іх у лагерах з кругласутачным знаходжаннем адпачылі 195,4 тыс. дзяцей, з дзённым знаходжаннем - 223,5 тыс. дзяцей. Планавыя аб'ёмы аздараўлення выкананы ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі.

Дарэчы, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі накіраваны фінансавыя сродкі на даплату да поўнага кошту пуцёвак для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей-інвалідаў. Гэта дало магчымасць бясплатна аздаравіць 15,1 тыс. дзяцей-сірот і 3,9 тыс. дзяцей-інвалідаў (118,2 працэнта ад запланаванага).

Вялікая работа праведзена па ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы стацыянарных аздараўленчых лагераў. На гэтыя мэты выдзелены сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, задзейнічаны кансалідаваныя рэсурсы мясцовых бюджэтаў, уласнікаў лагераў, спонсарскай, гуманітарнай дапамогі і іншых крыніц. Калі ў 2009 годзе было зрасходавана Br23,7 млрд., то ў 2011-м - Br33,2 млрд. Гэта работа будзе прадоўжана і ў далейшым.

Дарэчы, аздараўленне школьнікаў было арганізавана таксама на вясенніх, асенніх і зімовых канікулах. У міжсезонны перыяд аздароўлены 209,6 тыс. дзяцей.

- Ці прадоўжыцца датаванне дзіцячых пуцёвак?

- Безумоўна. На гэтыя мэты ў бягучым годзе прадугледжана амаль Br140 млрд.

Канкрэтныя памеры датацый будуць вызначаны пастановай урада, як і аб'ём фінансавання на падрыхтоўку да летняга сезона аздараўленчых лагераў з кругласутачным знаходжаннем.

- Ужо амаль 5 гадоў праводзіцца дзяржаўная атэстацыя санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый. Якія яе крытэрыі, якія задачы вырашаюцца шляхам дзяржатэстацыі?

- Дзяржатэстацыя - гэта своеасаблівы экзамен для здраўніц. Значыць, да яго трэба рыхтавацца, паколькі ацэнка ўплывае на рэйтынг арганізацыі і ў выніку на яе фінансавае становішча. Згадзіцеся, гэта з'яўляецца моцным імпульсам да развіцця.

Што датычыцца крытэрыяў, то ацэньваецца размяшчэнне арганізацыі, санітарна-экалагічны стан рэгіёну, стан матэрыяльна-тэхнічнай базы, будынкаў і збудаванняў. Дэталёва разглядаецца наяўнасць і выкарыстанне прыродных лячэбных фактараў. Аналізуюцца вынікі медыцынскай дзейнасці, укараненне сучасных падыходаў да аказання лячэбна-рэабілітацыйных паслуг. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі харчавання і вольнага часу, умовам пражывання адпачывальнікаў, узаемасувязі з арганізацыямі сферы турыстычнай дзейнасці. Штогод павялічваецца спектр паслуг. Некаторыя санаторыі прадастаўляюць амаль 200 відаў санаторна-курортных паслуг. Улічваецца наяўнасць або адсутнасць абгрунтаваных скаргаў адпачывальнікаў. Акцэнт зроблены і на ўкамплектаванасць кадрамі.

У мінулым годзе праведзена чарговая дзяржаўная атэстацыя, якой падлягалі 98 здраўніц. У выніку дзяржатэстацыі магутнасць санаторна-курортных арганізацый павялічылася на 1,3 тыс. ложка-месц. Гэта дасць магчымасць дадаткова забяспечыць санаторна-курортным лячэннем больш як 25 тыс. чалавек.

Цяпер сетка санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый рэспублікі прадстаўлена 368 арганізацыямі на 72 тыс. месц, з іх 109 санаторна-курортных арганізацый на 25,2 тыс. ложка-месц. і 1,5 тыс. месц амбулаторнага прыёму, а таксама 259 аздараўленчых арганізацый на 46,8 тыс. ложка-месц і 0,6 тыс. месц амбулаторнага прыёму.

- Здраўніц становіцца больш або менш з гадамі?

- З 2009 года санаторна-курортная сетка папоўнілася 10 новымі арганізацыямі. Гэта дзве наваствораныя санаторна-курортныя арганізацыі і восем аздараўленчых арганізацый, якія выканалі значныя аб'ёмы работ па мадэрнізацыі будынкаў і збудаванняў, добраўпарадкаванню тэрыторыі, набыццю найноўшага медыцынскага, тэхналагічнага абсталявання, укараненню новых метадаў лячэння і аздараўлення насельніцтва.

- Як вы ўжо гаварылі, узрастае рэалізацыя пуцёвак юрыдычным і фізічным асобам. Які прыбытак, у тым ліку ад экспарту паслуг?

- У 2011 годзе выручка ад рэалізацыі паслуг юрыдычным і фізічным асобам санаторна-курортнымі і аздараўленчымі арганізацыямі склала Br839,9 млрд. - на 79,7 працэнта вышэй за ўзровень папярэдняга года. Колькасць аздароўленых пры гэтым павялічылася на 25,5 тыс. чалавек, з іх грамадзян Беларусі - на 15 тыс. чалавек.

Важным напрамкам з'яўляецца экспарт паслуг. Па выніках 2011 года рэалізацыя паслуг грамадзянам краін блізкага і далёкага замежжа павялічылася ў параўнанні з 2010 годам амаль у два разы (на 98,4 працэнта) і дасягнула Br447,9 млрд. У мінулым годзе прайшлі санаторна-курортнае лячэнне і аздараўленне 193,5 тыс. іншаземцаў (у 2010 годзе - 178 тыс.). Кожны трэці госць з замежжа аддаў перавагу адпачынку ў санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях Мінскай вобласці.

- А якія даходы здраўніц ад рэалізацыі дадатковых платных паслуг?

- Апошнія гады захоўваецца даволі высокі тэмп росту. Так, у 2011 годзе санаторна-курортнымі і аздараўленчымі арганізацыямі рэалізавана дадатковых платных паслуг, якія не ўваходзяць у кошт пуцёўкі, на суму Br102,4 млрд. (у 2010 годзе - Br56 млрд.), з іх медыцынскіх - на суму Br55 млрд. (у 2010-м - Br27,1 млрд.). Прычым больш як 46 працэнтаў паслуг, якія не ўваходзяць у кошт пуцёўкі, былі рэалізаваны замежным грамадзянам.

Санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі працуюць стабільна, без страт. Сярэдняя запаўняльнасць арганізацый у мінулым годзе захавалася на ўзроўні папярэдняга года - амаль 90 працэнтаў.

- Існуе меркаванне, што кошт пуцёўкі вельмі высокі, не па кішэні звычайнаму чалавеку, таму настолькі імкліва расце экспарт паслуг...

- У 2011 годзе санаторна-курортнымі і аздараўленчымі арганізацыямі актыўна праводзілася работа па зніжэнню расходаў і захаванню даступнасці сваіх паслуг для грамадзян рэспублікі. Разам з тым цэны за 2011 год павялічыліся ў сярэднім толькі на 78,5 працэнта (параўнайце з ростам інфляцыі).

- А якія цэны цяпер? І ці ёсць розніца ў аплаце для беларусаў і іншаземцаў?

- Кошт аднаго ложка-дня ў санаторна-курортных арганізацыях для грамадзян Беларусі ў студзені бягучага года складаў Br90-210 тыс., для грамадзян Расійскай Федэрацыі - ад 600 да 1800 расійскіх рублёў, грамадзян іншых краін - ад $19 да $91. Пры гэтым сярэдні кошт аднаго ложка-дня па пуцёўках, набытых цэнтрам на 2012 год, для дзяцей і дарослых склаў каля Br140 тыс.

Варта адзначыць, што ў адпаведнасці з нарматыўнымі актамі рэгуляванне цэн на санаторна-курортныя паслугі не ажыццяўляецца. Суб'екты гаспадарання ўстанаўліваюць цэны самастойна, зыходзячы з фактычных расходаў, фарміруюць іх з улікам попыту і прапанавання на гэты від паслуг.

Цяпер вядзецца работа па ўдасканаленню заканадаўства, якое рэгулюе пытанне вызвалення абароту па рэалізацыі пуцёвак на санаторна-курортнае лячэнне ад падатку на дабаўленую вартасць.

Алена ПРУС,
БЕЛТА.
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі